Сталі вядомыя дэталі мэмарандуму з Пакістанам аб прыцягненьні яго грамадзян на працоўны рынак Беларусі

Пакістан. Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі ўнёс на ратыфікацыю ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж беларускім і пакістанскім урадамі ў супрацы ў сфэры працы і працаўладкаваньня.

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале тэксту адпаведнага законапраекту, ён вызначае працэдуру, паводле якой Пакістан будзе накіроўваць сваіх грамадзян на працу ў Беларусь.

Беларускае прадпрыемства, якое хоча запрасіць на працу пакістанцаў, павінна падаць у амбасаду Пакістану ў Беларусі заяўку аб намеры прыцягнуць працоўных мігрантаў, падпісвае адпаведнае пагадненьне з агенцтвам, якое адпраўляе грамадзян Пакістану на працу ў Беларусь, а таксама інфармуе дыпляматычнае прадстаўніцтва або пакістанскае Бюро па эміграцыі і працаўладкаваньні за мяжой аб колькасьці працаўладкаваных грамадзян і аб любых іхных парушэньнях беларускага заканадаўства. Апроч таго, прадпрыемства павінна атрымаць спэцыяльны дазвол на працаўладкаваньне кожнага мігранта.

Агенцтва, якое будзе накіроўваць грамадзян Пакістану на працу ў Беларусь, супольна зь Бюро па эміграцыі і працаўладкаваньні за мяжой, павінны забясьпечыць, каб працоўныя мігранты валодалі неабходнай кваліфікацыяй, ведалі мову, былі фізычна і псыхічна прыгодныя для выкананьня прац, мелі даведкі аб адсутнасьці асуджанасьці, візу і гарантыйны ліст ад наймальніка.

Мэмарандум прадугледжвае, што чальцы сямей працоўных мігрантаў будуць мець права на ўезд і знаходжаньне ў Беларусі на тэрмін дзеяньня спэцыяльнага дазволу і дазволу на працу, што атрымаў іхны сваяк.

Мэмарандум падпісалі 27 жніўня 2025 году. Зь беларускага боку яго апэратарамі будуць Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а з пакістанскага — Міністэрства ў справах пакістанцаў, якія жывуць за мяжой, і па разьвіцьці чалавечых рэсурсаў.

11 красавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком ураду Пакістану Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць мэханізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч чалавек. Гэтыя пляны выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненьне ўладаў. Былі нават затрыманьні тых, хто крытычна ацэньваў падобныя пэрспэктывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Пакістане агенцыя працы шукае дарожных рабочых на кантракт у БеларусьПрацоўныя мігранты будуць здаваць тэст на веданьне адной зь дзяржаўных моваў Беларусі на свой выбарПакістан гатовы накіраваць у Беларусь некалькі тысяч работнікаў «пасьля дбайнай праверкі»Працоўныя мігранты з Пакістану будуць падпісваць абавязацельства ня ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі«Беларусы працуюць больш за эўрапейцаў». Чаму Лукашэнка зноў гаворыць аб працоўных мігрантах?