Ужо сёньня: 140 гадоў з дня нараджэньня Зьмітрака Бядулі

Зьмітрок Бядуля

Падзеі 23 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

23 красавіка — Дзень кнігі і аўтарскіх правоў

Дзень у гісторыі

1586 — Нясьвіж атрымаў магдэбурскае права і герб. Іх надаў гораду вялікі князь і кароль Стэфан Баторы.

Палац у Нясьвіжы

1917 — спэктаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «Ў зімовы вечар» Элізы Ажэшкі ў Менску адкрылася Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі.

1924 — віленскі біскуп Юры Матулевіч выдае дэкрэт аб заснаваньні кляштару марыянаў у Друі. Беларускія каталіцкія сьвятары ўнесьлі вялікі ўклад у нацыянальнае і культурнае адраджэньне Беларусі. Ім прысьвечана кніга а. Аляксандра Надсана «Pro patria aliena. Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924—1938)».

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі

1985 — савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў упершыню абвясьціў пра пачатак перабудовы — шэрагу палітычных і эканамічных рэформаў у СССР.

2007 — утвораны беларускамоўны канал спадарожнікавага тэлебачаньня «Белсат».

У гэты дзень нарадзіліся

1564 — Уільям Шэксьпір, ангельскі драматург і паэт. Памёр Шэксьпір таксама 23 красавіка, у 1616 годзе.

Стамлёны ўсім, я лепш сустрэў бы сьмерць,
Чым занядбаных бачыць жабраваньне,
І зьдзек пустапарожнасьці цярпець,
І найчысьцейшай праўды зьневажаньне,
І бачыць пыху ў залатых страях,
І цноту, згвалчаную хіжай сілай,
І для бязглуздасьці пачэсны шлях,
І моц, якую немач паланіла…
(пераклад Уладзімера Дубоўкі)

1886 — Зьмітрок Бядуля, паэт і празаік, клясык беларускай літаратуры.

Сьпякота або дождж, пагода — непагода, —
Ты вырваны карэнь з радзімай стараны.
Ты вырваны з гнязда — ня трэба тваёй згоды —
Пагналі бізуны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20 нечаканых фактаў пра Зьмітрака Бядулю

1891 — Сяргей Пракоф’еў, расейскі кампазытар.

1913 — Рыгор Рэлес, пісьменьнік і паэт, пакінуў успаміны пра беларускіх габрэйскіх пісьменьнікаў. Пісаў на ідыш, на беларускую яго перакладаў Рыгор Барадулін:

Якое шчасьце — першы ўздым!
Хмурынкі — лёгкім дымам.
Вышэй, мой бусел малады,
Усё табе магчыма!

1918 — Аляксандра Пасьлядовiч, мастачка-графік, ілюстратарка кніг.

1934 — Уладзімер Конан, беларускі філёзаф, гісторык, літаратурны крытык.

Верасень 1995, Іслач. Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан

1940 — Віктар Казько, беларускі пісьменьнік, ляўрэат прэміі Гедройця.

Віктар Казько

У памяці

1984 — Соф’я Друкер, опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.

Соф'я Друкер, у ролі Чэсьнікавай у опэры «Страшны двор» Станіслава Манюшкі, 1952

1988 — Аляксандра Пасьлядовiч, мастачка-графік, ілюстратарка кніг.

1991 — Зьміцер Касмовіч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, выдавец. Памёр у Штутгарце.

2004 — Алесь Пісьмянкоў, беларускі паэт.

Мой сад у сьнезе па калена
Азяб у золь і сьнегапад...
Табе ня холадна, Алена?
Табе ня холадна, Алена?
Табе ня хочацца назад?

2007 — Барыс Ельцын, прэзыдэнт Расеі.

2015 — Алег Салтук, паэт.

Я прашу: Ты за ўсё даруй.
Разам шчасьце сустрэнем і ліха...
Белы сьнег на зялёную рунь
Асыпаецца шчодра і ціха.
Пагусьцела ў азёрах сінь.
На рабіне ў карункі касынка.
Учапіўся агрэст за тын,
Як за матчын падол хлапчынка.
Парыжэў, распранаецца дуб.
Хутка замеці аглушыць поле.
Хай сабе!
Цеплыні тваіх губ
Засталося яшчэ даволі.