Трамп заявіў пра падаўжэньне замірэньня з Іранам

Дональд Трамп

Напярэдадні амэрыканскі прэзыдэнт гаварыў пра тое, што ня схільны падаўжаць спыненьне агню з іранскім рэжымам, але цяпер становішча зьмянілася.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вечарам 21 красавіка, за дзень да заканчэньня тэрміну дзеяньня рэжыму спыненьня агню з Іранам, абвясьціў, што замірэньне падоўжаць. Ён напісаў аб гэтым у сацсетцы Truth Social.

Прадстаўнікі іранскага рэжыму раней заявілі, што ў цяперашняй сытуацыі ня маюць намеру прымаць удзел у другім этапе перамоваў з ЗША ў Ісламабадзе.

Шэраг СМІ паведаміў, што і амэрыканская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэзыдэнтам Джэй Ды Вэнсам адклала паездку ў Пакістан.

Як напісаў Трамп, ён пастанавіў падоўжыць замірэньне на просьбу ўладаў Пакістану. Трамп не назваў новага тэрміну перамоваў, адзначыўшы, што ЗША пачакаюць, пакуль улады Ірану не сфармулююць адзінай перамоўнай пазыцыі. На думку Трампа, у кіраўніцтве Ірану ўжо назіраецца раскол.

Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што амэрыканскія вайскоўцы працягнуць блякаваць порты Ірану. Напярэдадні Трамп сьцьвярджаў, што ня будзе падаўжаць тэрміну дзеяньня замірэньня і гатовы да аднаўленьня ўдараў па Іране.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША ўвялі санкцыі супраць 14 чалавек і арганізацый за перадачу зброі Ірану

Выданне Axios са спасылкай на крыніцы раней пісала, што Іран гатовы да перамоваў, нават нягледзячы на тое, што ЗША працягваюць блякаду ягоных портаў. Аднак ужо 21 красавіка, паводле тых самых крыніц, у Тэгеране адмовіліся ад гэтага і пачалі высоўваць умову зьняцьця блякады для працягу перамоваў.

Прадстаўнік кіраўніка іранскай дэлегацыі на перамовах, старшыні парлямэнту Ірану Махамада Галібафа Мэхдзі Махамадзі, увечары 21 красавіка абвінаваціў ЗША ў падрыхтоўцы нечаканага ўдару па Іране і адзначыў, што Тэгеран ня будзе зьвяртаць увагі на заявы ЗША аб падаўжэньні замірэньня, а будзе кіравацца сваімі інтарэсамі.

Паводле Махамадзі, працяг блякады іранскіх портаў «не адрозьніваецца ад бамбардаваньняў і павінен сутыкнуцца з ваенным адказам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Іран зноў закрыў Армускую пратоку ў адказ на амэрыканскую морскую блякаду. Танкеры трапілі пад абстрэл