Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненьні фізычных асобаў, арганізацый і паветраных суднаў, якія базуюцца ў Іране, Турэччыне і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, за іх ролю ў пастаўках або перадачы зброі або кампанэнтаў зброі для Ісламскай Рэспублікі Іран, піша «Радыё Фарда».
У заяве міністэрства гаворыцца: «Пакуль Злучаныя Штаты працягваюць свае намаганьні скараціць арсэналы балістычных ракет Ірану, Тэгеран імкнецца аднавіць свае вытворчыя магутнасьці».
Міністэрства фінансаў дадало, што Іран усё часьцей выкарыстоўвае бесьпілётнікі-сьмяротнікі «Шахед» для нападаў на Злучаныя Штаты і іх хаўрусьнікаў, у тым ліку на энэргетычную інфраструктуру рэгіёну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Іран зноў закрыў Армускую пратоку ў адказ на амэрыканскую морскую блякаду. Танкеры трапілі пад абстрэлАмэрыкаснкія санкцыі былі ўведзеныя ў рамках кампаніі так званай «эканамічнай лютасьці» і ў адказ на пастаянныя пагрозы глябальнай бясьпецы з боку іранскага рэжыму.
Уся маёмасьць і долі ва ўласнасьці асобаў і фірмаў, на якія наклалі санкцыі і якія знаходзяцца ў Злучаных Штатах або знаходзяцца ва ўласнасьці ці пад кантролем асоб ЗША, блякуюцца і павінны трапіць у санкцыйную базу, якую вядзе Аддзел кантролю замежных актываў Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC).
Акрамя таго, любыя арганізацыі, якія належаць, наўпрост ці ўскосна, індывідуальна або агулам, на 50 або больш адсоткаў адной або некалькім з заблякаваных асобаў, таксама блякуюцца. Правілы OFAC звычайна забараняюць усе дзеяньні, якія ажыцьцяўляюць грамадзяне ЗША або праз ЗША, якія тычацца любой маёмасьці або доляў ва ўласнасьці падсанкцыйных асобаў.
Раней 21 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пакуль ня мае намеру падаўжаць замірэньня з Іранам. Бакі зноў ня могуць дамовіцца. Іран, у сваю чаргу, афіцыйна пацьвердзіў, што пакуль ня выслаў сваёй дэлегацыі на новыя перамовы з амэрыканцамі, якія меліся прайсьці ў Ісламабадзе.
Армуская пратока, якая раней была разблякаваная ў межах часовай угоды бакоў, цяпер зноў заблякаваная іранскімі вайскоўцамі.