Фірму беларусаў, якая пераганяла ў Расею люксавыя аўто, аштрафавалі ў Польшчы больш як на 5 мільёнаў даляраў

Ілюстрацыйнае фота

Кампанія, якую ўзначальвалі грамадзяне Беларусі, у 2022–2023 гадах купляла дарагія і прэстыжныя машыны ў Заходняй Эўропе, каб потым прадаваць расейцам у абыход санкцый.

У дакумэнтах пазначаліся іншыя краіны прызначэньня, а маршрут дастаўкі ішоў цераз Польшчу, Літву і Беларусь. Гэтак у Расею трапілі больш за 100 аўтамабіляў коштам больш як 13,6 мільёна даляраў.

За незаконны абыход санкцый фірму аштрафавалі больш як на 5,5 мільёна даляраў у пераліку.

Гэта была адна з найбуйнейшых справаў такога кшталту ў краіне, паведаміла Малапольская Нацыянальная адміністрацыя падатковай службы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віктар Лукашэнка карыстаецца джыпамі, прывезенымі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у 2019 годзе

Цяпер Расея купляе люксавыя замежныя аўтамабілі праз трэція краіны, бо заходнія забаранілі прадаваць іх туды пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Зь лета 2022 года Беларусь пачала актыўна набываць гэтыя аўтамабілі ў Літве, Польшчы і Нямеччыне і перапрадаваць у Расею. З 2023 году такія ж санкцыі дзейнічаюць і супраць Беларусі.

Летась у верасьні польскія праваахоўнікі паведамілі пра затрыманьне групы з 20 чалавек, якая пераправіла ў Расею і Беларусь каля 600 люксавых аўтамабіляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуская кампанія арганізавала пастаўкі люксавых брэндаў адзеньня ў Расею ў абход санкцый

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча перакрыла канал паставак люксавых аўтамабіляў у Беларусь і Расею