Ужо сёньня: паўстанцы Касьцюшкі вызвалілі Вільню

Помнік Тадэвушу Касьцюшку ва ўрочышчы Марачоўшчына ў Івацэвіцкім раёне.

Падзеі 22 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

З 22 красавіка на 23 красавіка 1794 году падчас паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі была вызваленая Вільня. Паўстаньне ставіла мэтай скасаваньне першага і другога падзелаў Рэчы Паспалітай, якія адбыліся ў 1772 і 1793 гадах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

10 прычын, чаму слава Касьцюшкі належыць Беларусі

Таксама ў гэты дзень

1500 — на шляху да Індыі партугалец Пэдру Кабрал адкрыў Бразылію, прыняўшы яе за востраў.

1725 — нясьвіскі ардынат, вялікі гетман Міхал Казімер Радзівіл, празваны Рыбанькам, ажаніўся з Уршуляй Францішкай Вішнявецкай. Хранікёры пішуць, што гэта быў шчасьлівы зьвяз.

Уршуля Радзівіл. Выстава «Славутыя асобы Беларусі». Аўтары Ляілея і Валянцін Варэца.

1838 — украінскі паэт Тарас Шаўчэнка піша паэму «Кацярына». На беларускую мову яе перакладзе Янка Купала:

Кахайцеся, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі — чужыя людзі,
Чыняць ліха з вамі,

— так пачынаецца гэтая паэма.

Тарас Шаўчэнка, 1840 год

1915 — падчас Першай сусьветнай вайны Нямеччына ўжыла хлёр як хімічную зброю супраць англа-францускіх войскаў паблізу гораду Іпр ў Бэльгіі.

Жаўнеры палявой артылерыйскай брыгады 4-й аўстралійскай дывізіі на гаці ў лесе Шато на Іпрскім выступе, 29 кастрычніка 1917 году. Фота Фрэнка Гэрлі

1919 — пасьля заняцьця польскім войскам Вільні Начальнік Польскай дзяржавы Юзэф Пілсудзкі выдаў адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага, дэкляруючы ім самавызначэньне.

«Польскае войска, каторае я з сабою прывёў, каб выкінуць гаспадараваньне гвалту і сілы, каб спыніць кіраваньне краем проціў волі жыхароў, гэтае войска нясе ўсім Вам свабоду. Хачу Вам даць магчымасьць разьвязаць унутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы гэтак, як самі захочаце, безь якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы».

У гэты дзень нарадзіліся

1724 Імануіл Кант, нямецкі філёзаф.

Імануіл Кант

1870Уладзімір Ульянаў (Ленін), расейскі камуністычны тэарэтык, арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расеі, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы.

Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску

1979Кацярына Сумарава, мастачка.

1899Уладзімір Набокаў, расейскі і амэрыканскі пісьменьнік.

Уладзімір Набокаў

У памяці

1937 — у цягніку Уладзівасток—Масква застрэліўся Язэп Адамовіч, беларускі савецкі кіраўнік, які праводзіў палітыку беларусізацыі і ўзбуйненьня Беларусі.

Язэп Адамовіч, старшыня СНК БССР у 1920-х гадах

1954 Сяргей Сахараў, фальклярыст, этнограф, царкоўны гісторык. Вязень ГУЛАГу.

2009Барыс Пянчук, вайсковы дырыжор.

2023 — горадзенскі архіяпіскап Арцемі. Адзіны высокапастаўлены ярарх праваслаўнай царквы, які асудзіў гвалт рэжыму ў 2020 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ён на дух не пераносіў Homo sovieticus». Аповед пра апошнія гады жыцьця архіяпіскапа Арцемія