Пра гэта паведаміла арганізатарка кангрэсу прадстаўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысьціна Шыянок.
Правядзеньне кангрэсу прымеркавана да 21 траўня, Дня салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. У гэты дзень у 2021 годзе загінуў за кратамі палітвязень Вітольд Ашурак.
Паводле Крысьціны Шыянок, удзельнікі і ўдзельніцы будуць разам шукаць шляхі, як ня толькі захаваць памяць і выказаць салідарнасьць, але і знайсьці інструмэнты, якія могуць паспрыяць паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Праграма Кангрэсу
- 19 траўня — сайд-івэнт пра рэпрэсаваную моладзь у Беларусі і ў эміграцыі.
- 21 траўня — першы дзень Кангрэсу і Дзень палітычных зьняволеных Беларусі. Гэты дзень будзе прысьвечаны тым, хто застаецца за кратамі, а таксама «ніткам салідарнасьці», што нас аб’ядноўваюць. Праз літаратуру, мастацтва і кіно ўдзельнікі змогуць зазірнуць за турэмныя сьцены, каб убачыць маштаб рэпрэсій і адчуць сілу падтрымкі.
- 22 траўня — другі дзень Кангрэсу будзе прысьвечаны стратэгічным шляхам пераходу ад дакумэнтаваньня злачынстваў да дзеяньняў, якія дапамогуць вырашыць крызіс правоў чалавека ў Беларусі.
Арганізатарам выступае Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі пад патранатам Офіса Сьвятланы Ціханоўскай у супрацоўніцтве з партнэрскімі арганізацыямі і пры падтрымцы Фонду Розы Люксэмбург.
Другі Кангрэс па палітвязьнях у Беларусі прайшоў летась у Польшчы: у Варшаве і Познані. Першы кангрэс прайшоў у траўні 2024 году ў Празе.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 20 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 864 чалавекі. З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі-2020 палітвязьнямі былі прызнаныя 4594 чалавек.