Экспэрты ААН асудзілі катаваньні ў Наваполацку і ануляваньне пашпартоў былых палітвязьняў

Ілюстрацыйнае фота

Група незалежных экспэртаў ААН у пытаньні правоў чалавека ў Беларусі катэгарычна асудзіла рашэньне ўладаў Беларусі прызнаць несапраўднымі пашпарты былых палітвязьняў, якіх прымусова выслалі з краіны.

Такая заява зьявілася на сайце Рады правоў чалавека ААН. Пра што ў ёй гаворыцца:

Беспадстаўнае і неабгрунтаванае ануляваньне пашпартоў супярэчыць міжнароднаму праву, Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, а таксама чатыром артыкулам Міжнароднага пакту грамадзянскіх і палітычных правоў. У прыватнасьці парушаецца права

  • на свабоду перамяшчэньня,
  • на ўезд ва ўласную краіну,
  • на прызнаньне правасуб’ектнасьці,
  • а таксама прынцып недыскрымінацыі.

Людзі без нацыянальнага пашпарта сутыкаюцца з сур’ёзнымі юрыдычнымі і практычнымі наступствамі.

Дзяржавы абавязаныя забясьпечваць абарону сваіх грамадзян.

Група заклікала ўлады Беларусі неадкладна аднавіць правы былых палітвязьняў і выконваць міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека, якія Беларусь на сябе ўзяла.

Група незалежных экспэртаў у пытаньні правоў чалавека ў Беларусі дзейнічае з красавіка 2024 году. Яна выяўляе і расьсьледуе факты, абставіны і карэнныя прычыны парушэньняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы назвалі ануляваньне пашпартоў экс-палітвязьняў элемэнтам злачынстваў супраць чалавечнасьці

«Катаваньні і жорсткае абыходжаньне»

Экспэрты ААН таксама выказалі сур’ёзную занепакоенасьць умовамі ўтрыманьня ў наваполацкай калёніі № 1.

Яны заявілі, што атрымалі інфармацыю пра ўмовы ўтрыманьня, якія сур’ёзна парушаюць міжнароднае права, а менавіта:

  • працяглае адзіночнае зьняволеньне,
  • дысцыплінарныя спагнаньні і фізычныя пакараньні пасьля спробаў самагубства,
  • пазбаўленьне неабходнай мэдычнай дапамогі,
  • рэпрэсіі за спробы падаць скаргі, асабліва пасьля канфідэнцыйных сустрэч з псыхолягам калёніі.

«У выпадку пацьверджаньня такія практыкі могуць кваліфікавацца як катаваньні і жорсткае абыходжаньне, а пры пэўных абставінах — як гвалтоўныя зьнікненьні», — папярэдзілі экспэрты.

Асобна экспэрты спыніліся на гісторыі журналіста і блогера Ігара Лосіка. Яго ў наваполацкай калёніі на доўгі час ізалявалі ў цяжкіх умовах, пазбавілі кантактаў зь сям’ёй, перапіскі і эфэктыўнай прававой дапамогі.

Звароты ў міжнародныя праваабарончыя органы, як мяркуецца, не перадаваліся, а ягоных адвакатаў перасьледавалі і пазбаўлялі ліцэнзій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Яшчэ ўчора я быў у Наваполацку ў ШЫЗА». Журналіст Свабоды Ігар Лосік вызвалены пасьля больш як пяці год за кратамі

Ігар двойчы рабіў спробу суіцыду ў зьняволеньні. У сакавіку 2023 году, калі яму паведамілі пра паўторнае зьмяшчэньне ў ізаляцыю, ён нанёс сабе сур’ёзныя пашкоджаньні, аднак яму адмовілі ў шпіталізацыі і зьмясьцілі ў штрафны ізалятар.

«Пакараньне зьняволеных за спробы самагубства замест забесьпячэньня тэрміновай псыхалягічнай і мэдычнай дапамогі выклікае глыбокую трывогу і несумяшчальнае з асноўнымі стандартамі правоў чалавека, уключаючы права на жыцьцё, здароўе і свабоду ад катаваньняў і жорсткага абыходжаньня», — заявілі экспэрты.

Яны таксама выказалі занепакоенасьць тым, што Ігар Лосік быў уключаны ў сьпісы асоб, датычных да тэрарызму і экстрэмізму, нягледзячы на адсутнасьць адпаведнага прысуду.

«Уключэньне ў такія сьпісы, відаць, прыводзіць да дыскрымінацыйнага абыходжаньня і пазбаўленьня асноўных правоў», — заявілі яны, заклікаўшы Беларусь спыніць злоўжываньне тэрарыстычнымі сьпісамі.

Экспэрты таксама выказалі занепакоенасьць у сувязі з паведамленьнем пра сьмерць у 2023 годзе пажылога зьняволенага з праблемамі са здароўем, які ўтрымліваўся ва ўмовах дысцыплінарнай ізаляцыі без належнай мэдычнай дапамогі. Застаецца незразумелым, ці праводзілася расьсьледаваньне ягонай сьмерці.

«Сьмерці ў месцах пазбаўленьня волі на фоне паведамленьняў пра ізаляцыю, пазбаўленьне мэдычнай дапамогі і хаваньне інфармацыі ад сем’яў выклікаюць самыя сур’ёзныя асьцярогі з пункту гледжаньня міжнароднага права», — падкрэсьлілі экспэрты.

«Мы заклікаем улады Беларусі забясьпечыць гуманныя ўмовы ўтрыманьня, гарантаваць доступ да незалежнай мэдычнай і псыхалягічнай дапамогі і правесьці надзейныя расьсьледаваньні ўсіх выпадкаў сьмерці і сур’ёзных траўмаў у месцах пазбаўленьня волі», — заявілі яны.

16 сакавіка экспэрты накіравалі афіцыйны зварот да ўраду Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ААН зноў заклікалі Беларусь адмовіцца ад перасьледу за «прапаганду» ЛГБТ, бязьдзетнасьці і зьмены полу