Адсотак галасоў, які перасягае апытаньні грамадзкай думкі, стаў у Баўгарыі адным з наймацнейшых вынікаў асобнай партыі за апошняе пакаленьне і можа пакласьці канец нестабільнасьці, якая прывяла да васьмі выбарчых кампаніяў за пяць гадоў, піша Reuters.
Партыя Румена Радэва «Прагрэсіўная Баўгарыя» набрала 44,6% галасоў пасьля падліку 60% бюлетэняў, а значыць, яна можа кіраваць самастойна ў моцным урадзе меншасьці. Але сам палітык ня выключыў кааліцыі з праэўрапейскай групай або меншай партыяй.
«Прагрэсіўная Баўгарыя» значна апярэджвае праэўрапейскую кааліцыю «Мы працягваем зьмены — Дэмакратычная Баўгарыя» (ПП-ДБ) з 14,2% і калісьці кіроўную партыю ГЕРБ на чале з былым прэм’ер-міністрам Бойкам Барысавым з 13%.
«Гэта перамога надзеі над недаверам, перамога свабоды над страхам і, нарэшце, калі хочаце, перамога маральнасьці», — сказаў Радэў на прэс-канфэрэнцыі.
Эўраскептык і былы лётнік-зьнішчальнік, які выступаў супраць вайсковай падтрымкі Ўкраіны ў яе абарончай вайне супраць Масквы, Радэў сышоў з пасады прэзыдэнта ў студзені 2026 году, каб балятавацца на парлямэнцкіх выбарах. Гэта адбылося пасьля таго, як масавыя пратэсты вымусілі папярэдні ўрад у сьнежні падаць у адстаўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Баўгарыі на тле пратэстаў падаў у адстаўку ўрадКампанія Радэва выклікала параўнаньні з пракрамлёўскім прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам, які тыдзень таму разгромна прайграў апазыцыі выбары ў сваёй краіне. Радэў казаў пра паляпшэньне сувязяў з Масквой і аднаўленьне свабоднай плыні расейскіх нафты і газу ў Эўропу. Ён таксама крытыкаваў Эўрапейскі Зьвяз за празьмерную залежнасьць ад аднаўляльных крыніц энэргіі.
Аднак Радэў не выказваў сваіх палітычных прэфэрэнцыяў, і пакуль незразумела, наколькі ён зьменіць замежную палітыку Баўгарыі. Краіна ўваходзіць у NATO, а ў студзені 2026 году перайшла на эўра. Радэў зьмену валюты крытыкаваў. Пры гэтым эўрапейскі шлях дзяржавы палітык падтрымліваў.
«Галоўная праблема краіны — гэта эканамічны і дэмаграфічны крызіс», — сказаў Ціхамір Бязлоў, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру вывучэньня дэмакратыі ў Сафіі. Пры гэтым ён адзначыў, што ў лягеры пераможцаў, як выглядае, пакуль няма ідэяў, як разьвязаць прынамсі адну з гэтых праблемаў.