Кіраўнік патрульнай паліцыі Ўкраіны падаў у адстаўку пасьля тэракту ў Кіеве, калі некаторыя паліцыянты ўцяклі

Пасьля нападу ў Кіеве, 18 красавіка 2026 году

Кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка даручыў правесьці расьсьледаваньне дзеяньняў паліцыянтаў падчас тэрарыстычнага акту ў Кіеве, у выніку якога загінулі шэсьць чалавек. Раней у сацыяльных сетках зьявілася відэа, на якім патрульныя ўцякаюць, пачуўшы страляніну.

«„Служыць і абараняць“ — ня проста лёзунг. Гэта павінна быць падмацавана адпаведнымі прафэсійнымі дзеяньнямі. Асабліва ў крытычныя моманты, калі ад гэтага залежаць жыцьці людзей», — напісаў Кліменка.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Іван Выгоўскі заявіў, што расьсьледаваньне пачата, а паліцыянты адхіленыя ад службы.

У другой палове дня стала вядома, што кіраўнік патрульнай паліцыі Ўкраіны Яўген Жукаў падаў у адстаўку. Пра сваё рашэньне ён абвясьціў на прэс-канфэрэнцыі, паведамляе РБК-Украіна.

«Я як баявы афіцэр прыняў рашэньне падаць рапарт на звальненьне з пасады, якую займаю. Думаю, так будзе справядліва», — сказаў Жукаў.

Ён назваў ганебнымі дзеяньні былых падначаленых, якія пакінулі ў небясьпецы параненых.

Цяпер у шпіталях застаюцца восем пацярпелых ад стральбы, сярод іх адно дзіця. «Сярод дарослых адзін пацярпелы — у вельмі цяжкім стане, трое — у цяжкім, яшчэ трое — у стане сярэдняй цяжкасьці», — паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

Увечары ў суботу 18 красавіка ў Кіеве мужчына адкрыў страляніну па мінаках на вуліцы і захапіў супэрмаркет, узяўшы закладнікаў. Ён не выстаўляў ніякіх патрабаваньняў. Адначасова ў кватэры, дзе ён быў зарэгістраваны, адбыўся пажар. Нападнік быў забіты падчас штурму супэрмаркету. Яго ахвярамі сталі шэсьць чалавек, каля 15 атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве невядомы з аўтамату расстраляў некалькіх чалавек, ёсьць параненыя, у тым ліку дзіця

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі атакавалі Адэсу, Кіеў і Дніпро. Загінулі сама меней 17 чалавек