Асуджаны за шпіянаж на карысьць Беларусі жыхар Вільні Мантас Данелюс, які адбывае пакараньне, падаў у суд на прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседу.
Данелюс патрабуе кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч эўра за тое, што яго не абмянялі на літоўцаў, зьняволеных у Беларусі, паведамляе LRT.
Данелюс, які знаходзіцца ў турме Правенішкес-2, ужо зьвяртаўся з просьбай пра такі абмен да прэзыдэнта, Службы турмаў Літвы і да іншых установаў.
Пазоў Данелюса да Канцылярыі прэзыдэнта Літоўскай Рэспублікі на наступным тыдні разгледзіць Рэгіянальны адміністрацыйны суд.
«Офіс прэзыдэнта прапануе мне падаць прашэньне аб памілаваньні праз адміністрацыю турмы, аднак з адказу турмы Правенішкес-2 бачна, што ўстанова адмаўляецца весьці перамовы пра абмен шпіёнамі з замежнымі дзяржавамі або іх амбасадамі, бо ня мае на гэта законных паўнамоцтваў», — напісаў Данелюс.
Ён зазначае, што яго адвакат Повілас Эйгмінас адмаўляецца кантактаваць з замежнымі амбасадамі, бо асьцерагаецца перасьледу ад Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
У 2025 годзе агенцтва ELTA цытавала дасланы яму ліст Данелюса:
«Я хачу ў Беларусь, але не ў турму, а на свабоду, гэта значыць, каб мяне абмянялі на грамадзян Літвы, асуджаных у Беларусі за шпіянаж на карысьць Літвы: Алену Раманаўскене (6 гадоў), Андрэя Кобеля (9 гадоў) або вялікую групу прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай, якія сядзяць у беларускіх турмах і ўсё яшчэ чакаюць магчымасьці прыехаць у Літву, якую яны лічаць „абяцанай зямлёй“», — пісаў Данелюс у лісьце да журналіста ELTA.
Аднак улады рэкамэндавалі асуджанаму зьвярнуцца ў Міністэрства юстыцыі, якое адказвае за такія пытаньні.
«...Прэзыдэнт мае права арганізаваць „абмен шпіёнамі“, таму я зьвязаўся з прэзыдэнтам Наўседам і ДДБ (Дэпартамэнтам дзяржаўнай бясьпекі. — РС). Як відаць з адказу з Адміністрацыі прэзыдэнта, яны змаглі адказаць толькі — „мы разгледзелі прадстаўленую вамі інфармацыю“. ДДБ адказаў больш падрабязна, нават пераслала мой запыт у Пэнітэнцыярную службу, дзе падрабязна апісаная магчымасьць паездкі ў Беларусь для адбываньня пакараньня, але нічога не сказаў пра (...) абмен шпіёнамі», — пісаў Данелюс.
Загадчыцу маркетынгавай службы санаторыю «Беларусь» у Друскеніках Алену Раманаўскене затрымалі, як мяркуецца, у 2023 годзе па вяртаньні ў Беларусь зь Літвы. Як паведамлялі дзяржаўныя СМІ, яе абвінавацілі ў тым, што жанчына «неаднаразова падавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх службоўцаў». Яе нібыта 10 гадоў таму завэрбавалі літоўскія спэцслужбы. У Менскім гарадзкім судзе 11 чэрвеня 2024 году Алену Раманаўскене асудзілі на 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Яе вызвалілі разам з групай беларускіх палітвязьняў у верасьні 2025 году.
Андрэй Кобель, былы галоўны лекар санаторыю «Беларусь», быў асуджаны на дзевяць гадоў пазбаўленьня волі за «здраду дзяржаве». Яго таксама абвінавацілі ў супрацы з спэцслужбамі Літвы.
15 траўня 2025 году апэляцыйны суд Літвы адхіліў апэляцыю 41-гадовага віленскага юрыста Мантаса Данелюса, асуджанага ў верасьні 2024-га за шпіянаж на карысьць Беларусі, і пакінуў яму пакараньне 9 гадамі пазбаўленьня волі. Паводле сьледзтва, з студзеня 2022-га Данелюс выконваў заданьні грамадзянкі Беларусі, якая супрацоўнічала зь беларускімі спэцслужбамі, зьбірала і перадавала цікавую для іх інфармацыю.
«Пад выглядам валянтэрскай дзейнасьці Данелюс кантактаваў зь дзейнымі ў Літве арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць дэмакратычную апазыцыю рэжыму Рэспублікі Беларусь, асобамі, якія пераехалі ў Літву пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году, каб унікннуць арышту, пазбаўленьня волі або іншага судовага перасьледу», — паведамляла пракуратура Літвы.
З матэрыялаў сьледзтва вынікала, што Данелюс наведваў памяшканьні беларускіх апазыцыйных арганізацыяў, удзельнічаў у імпрэзах, зьбіраў і перадаваў інфармацыю аб іх дзейнасьці, праектах, крыніцах фінансаваньня, асобах, якія ўваходзяць у арганізацыі. Таксама зьбіраў інфармацыю пра байцоў палку Каліноўскага ва Ўкраіне.
Паводле сьледзтва, грамадзянка Беларусі, якая супрацоўнічае зь беларускай выведкай і завэрбавала Данелюса, інструктавала яго аб мэтадах збору інфармацыі, якая цікавіць выведку замежнай дзяржавы, і тэхнічных сродках, якія будуць выкарыстоўвацца, а таксама мэтадах перадачы сабранай інфармацыі, патрабаваньнях бясьпекі ўзаемнай сувязі. Як пісала LRT, вядзецца пра журналістку АТН, прапагандыстку Ксенію Лебедзеву.