Лукашэнка выказаўся пра Трампа і іншых заходніх палітыкаў: яны дачасьнікі, якія ня думаюць пра народ

Аляксандар Лукашэнка дае інтэрвію амэрыканскаму журналісту Рыку Санчэсу для прапагандысцкага расейскага тэлеканалу RT

Дзяржаўныя СМІ працягваюць публікаваць фрагмэнты інтэрвію, якое Аляксандар Лукашэнка даў амэрыканскаму журналісту Рыку Санчэсу для расейскага прапагандысцкага тэлеканалу RT.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што заходнія палітыкі пасьля прыходу да ўлады намагаюцца атрымаць максымальную асабістую выгаду, а не працаваць на карысьць народу.

«Яны дачасьнікі. Прыйшлі, схапілі і сышлі — вось аснова іхнай палітыкі. Яны ня думаюць пра народ Францыі, Нямеччыны і гэтак далей. І ў гэтым іх праблема. Яны нас некалі вучылі: Расею, нас, Казахстан, Украіну, іншыя краіны. А цяпер яны да нас павінны прыяжджаць і рабіць адпаведныя высновы. Вучыцца і рабіць высновы яны ня хочуць», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Аналягічна ён выказаўся і пра прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

«Ён дачасьнік, у яго чатыры гады. Што ён за чатыры гады зробіць? Нічога. Нічога ня зробіць. Таму ў прэзыдэнта павінен быць час», — дадаў Лукашэнка.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо 32 год. Яго выбралі на адзіных дэмакратычных выбарах прэзыдэнта, якія адбыліся ў 1994 годзе. Сёлета ў жніўні яму споўніцца 72 гады.

Ужо праз два гады свайго прэзыдэнцтва, у 1996 годзе, Лукашэнка разагнаў дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет і стварыў ляяльны сабе парлямэнт, павялічыў свой першы прэзыдэнцкі тэрмін, а затым правёў канстытуцыйную рэформу, якая дазволіла яму балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў.

Зь сярэдзіны 1990-х гадоў аніводныя выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю праз сотні фальсыфікацый, запалохваньне выбарнікаў і перасьлед апанэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка: Трамп вельмі шмат зрабіў дрэннага«Лухта поўная». Лукашэнка працягнуў дыскусію зь Зяленскім «аб старых дзядах»Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея падтрымлівалі абраньне Трампа: «Дональд хоча спыніць вайну. Дзякуй яму за гэта»