Улады паведамілі, што за некалькі гадзін суботніка сабралі больш за 18 мільёнаў рублёў для гістарычнага музэю

National Historical Museum in Minsk, April 18, 2026

Лукашэнка прапанаваў зьмяніць назву музэю.

Намесьніца прэм’ер-міністра Беларусі Натальля Пяткевіч заявіла, што на суботніку сабралі больш за 18 мільёнаў рублёў, якія накіруюць на завяршэньне будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музэю.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, у суботніку ўдзельнічаюць прыблізна 2,3 мільёна чалавек (паводле афіцыйнай інфармацыі ў эканоміцы Беларусі занятыя 4,164 мільёна чалавек. — РС).

«Гэта вельмі добрая лічба. Ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі людзі займаюцца добраўпарадкаваньнем тэрыторый, садзяць дрэвы», — сказала Натальля Пяткевіч.

Усе афіцыйныя рэсурсы з раніцы 18 студзеня паведамлялі аб актыўным удзеле грамадзян у суботніку ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Летась улады заяўлялі, што ў суботніку, які праводзілі ў кастрычніку, таксама ўдзельнічалі 2,3 мільёна чалавек. Тады сабралі прыблізна 19,4–19,5 мільёна рублёў.

Аляксандар Лукашэнка садзіў дрэвы каля Нацыянальнага гістарычнага музэю. Перад гэтым ён наведаў будаўнічую пляцоўку, дзе яго суправаджаў новапрызначаны міністар культуры Марат Маркаў. У часе размовы ён прапанаваў перагледзець назву музэя і замест першапачатковага варыянту прапанаваў назваць яго Нацыянальным музэем. Хоць на будынку музэю ўжо разьмясьцілі назву — Нацыянальны гістарычны музэй.

Музэй мае статус Усебеларускай моладзевай будоўлі.

Будаўніцтва музэю плянуюць завяршыць сёлета да 17 верасьня, калі ў Беларусі будуць адзначаць так званы дзень «народнага адзінства». У гэты дзень у 1939 годзе на ўсходнія беларускія тэрыторыі ўвайшла Чырвоная армія. Разам з Чырвонай арміяй у Заходнюю Беларусь прыйшлі арышты, дэпартацыі і расстрэлы. У той час на тэрыторыі Савецкай Беларусі не было ўжо ніводнага дзейнага храму і ніводнага афіцыйнага сьвятара — сьвятароў катавалі, забівалі, высылалі ў лягеры.

  • Беларускае заканадаўства забараняе прымусовую працу. Тым ня менш удзел у суботніку — перанятай у СССР практыцы ўцягваньня грамадзян у «грамадзка карысную занятасьць» без аплаты іх працы — фактычна прымусовы, прынамсі для работнікаў бюджэтных арганізацый. Паўсюднай стала практыка пабораў «на суботнік».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску заявілі аб неабходнасьці гераізацыі ўдзельнікаў паходу Чырвонай арміі на Польшчу ў 1939 годзеСтала вядома, калі ў Менску пабудуюць новы гістарычны музэй. Да будоўлі прыцягнуць БРСМ і студэнцкія атрадыУлады адмовіліся ад ідэі разьмясьціць гістарычны музэй у будынку былой «Валадаркі»