Польшча не дапусьціць беларускіх плыўцоў да чэмпіянату Эўропы насуперак рашэньню міжнароднай фэдэрацыі

Ілюстрацыйнае фота

Польская фэдэрацыя плаваньня выступіла катэгарычна супраць рашэньня Міжнароднай фэдэрацыі водных відаў спорту, якая надоечы аб’явіла пра допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да спаборніцтваў пад дзяржаўнымі сьцягамі.

Спартоўцы з гэтых краін не атрымаюць дазволу прыехаць на чэмпіянат Эўропы ў скачках у ваду, які пройдзе ў Польшчы налета.

«Мы лічым, што пакуль працягваецца ўзброеная агрэсія Расеі супраць Украіны, як расейцы, так і прадстаўнікі Беларусі, якая падтрымлівае гэтую краіну, не павінны стартаваць у міжнародных мерапрыемствах пад сьцягамі гэтых краінаў», — заявіла старшыня польскай фэдэрацыі Атылія Енджэйчак Польскаму радыё.

Мінулай восеньню Атылія Енджэйчак была адзінай, хто галасаваў супраць допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў нават у нэўтральным статусе.

Пры гэтым Польшча ня будзе байкатаваць замежныя спаборніцтвы, дзе выступаюць беларусы або расейцы, каб не нашкодзіць кар’еры польскіх атлетаў.

Раней афіцыйныя заявы з асуджэньнем вяртаньня расейцаў і беларусаў выдалі фэдэрацыі Ўкраіны і Эстоніі.

Летась у сьнежні польская фэдэрацыя плаваньня пад пагрозай адмены спаборніцтваў ужо не дапусьціла беларусаў і расейцаў на чэмпіянат Эўропы па плаваньні на кароткай вадзе, хоць міжнародная фэдэрацыя ўдзел дазволіла.

Арганізатары тады наўмысна зацягнулі фармальныя працэдуры, каб каманды беларусаў і расейцаў не пасьпелі зарэгістраваць сваіх спартоўцаў, гаворыцца ў артыкуле Польскага радыё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве адрэагавалі на дазвол беларускім плыўцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах зь дзяржсымбалямі

Міжнародная фэдэрацыя водных відаў спорту 13 красавіка паведаміла, што беларусы цяпер змогуць выступаць на міжнародных спаборніцтвах па водных відах спорту зь дзяржаўнымі сьцягам, гімнам і ў адпаведнай форме.

Паводле прэзыдэнта фэдэрацыі, басэйны і адкрытая вада павінны быць месцамі, дзе спартоўцы ўсіх краінаў могуць сустракацца ва ўмовах мірнага суперніцтва.

Пры гэтым беларускім атлетам давядзецца прайсьці як мінімум чатыры пасьлядоўныя допінг-кантролі, а таксама праверкі добранадзейнасьці (не ўдакладняецца, якія).

Беларусь таксама атрымае ўсе правы сябра фэдэрацыі. Гэтыя палёгкі тычацца таксама і спартоўцаў з Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ сёлета гулялі ажно 8 беларускіх хакеістаў