«У адпаведнасьці з рэжымам спыненьня агню ў Лібане праход для ўсіх камэрцыйных суднаў праз Армускую пратоку абвяшчаецца цалкам адкрытым на астатні пэрыяд перамірʼя паводле каардынаванага маршруту», — напісаў ён у сацыяльных сетках 17 красавіка.
Армуская пратока, празь якую праходзіць пятая частка сусьветнага экспарту нафты і звадкаванага прыроднага газу, фактычна была закрытая пасьля пачатку паветраных удараў ЗША і Ізраілю па Іране, а таксама ўдараў Тэгерану ў адказ па цэлях на Блізкім Усходзе, у тым ліку па караблях у Пэрсыдзкай затоцы.
Перамір’е паміж Ізраілем і Іранам было падпісана напярэдадні падчас перамоў у ЗША і ўступіла ў сілу з 0 гадзінаў 17 красавіка (паводле менскага часу).
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што марская блякада Ірану застаецца ў сіле
«Армуская пратока цалкам адкрытая і гатовая да бізнэсу і поўнага праходу, але марская блякада будзе заставацца ў поўнай сіле і дзеяньні выключна ў дачыненьні да Ірану — да таго часу, пакуль наша ўгода з Іранам ня будзе завершаная на 100%. Гэты працэс павінен прайсьці вельмі хутка, бо большасьць пунктаў ужо ўзгодненая», — напісаў Трамп у Truth Social.
Паводле Дональда Трампа, Іран пагадзіўся ніколі больш не закрываць Армускую пратоку.
«Яна больш ня будзе выкарыстоўвацца як зброя супраць сьвету!», — напісаў Трамп.
Ён дадаў, што Іран пры дапамозе ЗША прыбраў або прыбірае ўсе марскія міны. І паведаміў, што адмовіўся ад дапамогі NATO, зноў назваўшы альянс «папяровым тыграм».
Таксама Трамп заявіў, што «Ізраіль больш ня будзе бамбіць Лібан», бо «ЗША забаранілі ім гэта рабіць».
Ён назваў сёньняшні дзень «выдатным і бліскучым для ўсяго сьвету». Усе гэтыя допісы ў Truth Social зьявіліся за паўтары гадзіны.
За некалькі гадзін нафта патаньнела больш як на 10%
Цэны на нафту ў пятніцу абваліліся больш як на 10% пасьля заяў пра адкрыцьцё Армускай пратокі. А фондавыя рынкі паказалі імклівы рост, перадаюць агенцтвы навінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Іране абяцаюць уключыць інтэрнэт толькі пасьля завяршэньня вайныВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.