«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Калі пратэсты перамагаюць? Тлумачыць дасьледніца аўтарытарызмаў

Тацьцяна Кулакевіч, Юры Дракахруст, каляж

Чым «чорны рыцар» небясьпечны для пратэстаў? Калі здраджваюць сілавікі? У чым памыліўся Лукашэнка ў 2020 годзе?

На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае прафэсарка ўнівэрсытэту Паўднёвай Флярыды, дасьледчыца аўтарытарызмаў Тацяна Кулакевіч.

— Чаму пратэсты, паўстаньні ў адных краінах маюць посьпех, у іншых — зазнаюць паразу? На гэтае пытаньне вы адказваеце ў шэрагу вашых працаў, у прыватнасьці, параўноўваючы беларускія пратэсты 2020 году са зрынаньнем прэзыдэнта Маралеса ў Балівіі і з польскай «Салідарнасьцю». Вы апэруеце ў аналізе паняцьцем «чорны рыцар». Што гэта такое, ці адыгрывае гэты фактар вырашальную ролю?

— Так, я дасьледую аўтарытарызмы і пратэсты. Ня кожны пратэст перамагае, калі шмат людзей выходзяць на вуліцу, гэтага не заўсёды дастаткова. На нядаўніх пратэстах у Іране выйшлі на вуліцу больш за 5 мільёнаў людзей і 33 тысячы забіла дзяржава. Вельмі важны чыньнік — ці могуць гэтыя масавыя пратэсты паўплываць на раскол рэжыму, зрабіць так, што сілавікі пачынаюць дэзэрціраваць. Калі гэта атрымліваецца, тады нават адносна малалікія пратэсты будуць пасьпяховыя. А калі гэта не адбываецца, то адбываецца як у Беларусі ў 2020 годзе ці як у Іране.

«Чорны рыцар» — зьнешні актар, які дапамагае аўтарытарнаму рэжыму ўтрымаць уладу. Як ён гэта робіць? Ён дасылае сыгналы падтрымкі, можа даваць грошы і зьніжае рызыку дэзэрцірства сілавікоў. У сытуацыі зь Беларусьсю такім «чорным рыцарам» была Расея. У Беларусі ў жніўні 2020 году было вакно магчымасьцяў у два тыдні, калі Лукашэнка ня ведаў, што рабіць. І менавіта ў той момант Расея паабяцала падтрымку рэжыму, і ўсё стала зразумела і рэжыму, і яго сілавікам.

— У сваіх інтэрвію пасьля вызваленьня Віктар Бабарыка даваў зразумець, што яго прарасейская рыторыка ў 2020 годзе была рацыянальным разьлікам, спробай адвесьці вочы Расеі, прынамсі, нэйтралізаваць Расею. Бо было адчуваньне, што калі яна выразна ўстане на бок Лукашэнкі — усё прайграна.

— Калі Бабарыку пасадзілі, яшчэ не было галасаваньня. І калі ён пачынаў сваю палітычную кампанію, яшчэ не было ясна, наколькі масавыя будуць пратэсты. У гэты момант, на мой погляд, ранавата было будаваць нейкія разьлікі на Расею.

— Ён пачаў рыхтаваць сваю кампанію і яе ідэалёгію ня ў дзень, калі абвясьціў што ідзе на выбары, ён будаваў яе загадзя.

— Мне падаецца вельмі важнай дынаміка працэсу. У першы дзень выйшла на вуліцу некалькі тысячаў чалавек. Потым была брутальная расправа над імі. Адказам на яе сталі надзвычай масавыя пратэсты, якія працягваліся два тыдні. І ў гэтыя два тыдні, акрамя першых дзён, надта жорсткіх рэпрэсіяў не было. І Лукашэнка разгубіўся, а Расея яшчэ канчаткова ня вызначылася. Гэтыя два тыдні былі вырашальныя. Потым, калі Расея зрабіла свой выбар, пратэсты яшчэ працягваліся некалькі месяцаў, але ўсё ўжо было вырашана.

— Меркаваньне многіх дасьледчыкаў, і вас у тым ліку — што дэманстратыўны, зьверскі гвалт, учынены Лукашэнкам пасьля 9 жніўня 2020 году, быў памылкай. А ці быў? Так, Лукашэнка рызыкаваў, гэта прывяло да пашырэньня пратэстаў. Але да таго ж маглі прывесьці і слабыя рэпрэсіі, якія б зьніжалі рызыкі ўдзелу для пратэстоўцаў. Дык памылкай быў гвалт ці не?

— Я лічу, што ў Лукашэнкі тады было як мінімум тры памылкі. Першая памылка была, калі ён парушыў сацыяльны кантракт, калі ён не прызнаў небясьпеку кавіда, усё гэта «схадзіце ў лазьню, выпіце 100 грамаў гарэлкі, я ня бачу вірусу, значыць, яго ня існуе, гэта ўсё псыхоз». Да гэтага існаваў сацыяльны кантракт, паводле якога ён забясьпечваў бясьпеку, а людзі былі ў цэлым ляяльныя рэжыму. Палітыка падчас пандэміі была парушэньнем гэтага кантракту.

Другая памылка — гэта лічба галасоў за яго, якую ён сабе намаляваў, гэтыя больш за 80%. Намаляваў бы 60% — можа і не было б пратэстаў такога маштабу. Людзі ж бачылі, і чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, і шмат людзей зь белымі стужкамі. І іншыя разважалі — ну ня можа быць у Лукашэнкі за 80%.

Ну і трэцяя памылка — гэта брутальны гвалт у першыя дні пасьля выбараў. Гвалту такіх маштабаў і такой ступені жорсткасьці не было ні ў 2006-м, ні ў 2010-м. Насамрэч у першы дзень на вуліцы выйшла ня так і шмат людзей. У наступныя дні масавасьць пратэстаў забясьпечыла абурэньне дэманстратыўным гвалтам. Тое, што будуць біць, можна было прадбачыць. Але Лукашэнка перагнуў кій. І прынамсі ў кароткатэрміновым пэрыядзе ён гэтым гвалтам паспрыяў разрастаньню пратэстаў.

— Рэпрэсіі ў Беларусі не аціхаюць дагэтуль — вось самыя апошнія навіны: справа кнігавыдаўцоў, справа архітэктараў, прызнаньне экстрэмісцкімі чатаў сваякоў палітвязьняў і Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Хутка ўжо 6 гадоў пройдзе з часу пратэстаў. Гэта такая надзвычай працяглая рэакцыя ці пераход сыстэмы ў новую якасьць, некаторыя лічаць — у фазу таталітарызму?

— Я лічу, што гэта новая якасьць сыстэмы, таму што ён можа зараз ужо гэтага не рабіць. Аднак я б не ўжывала гучнае слова таталітарызм. Мы ўсё яшчэ гаворым пра аўтарытарызм, але ён бывае рознага тыпу. Наш у Беларусі можна назваць пэрсаналісцкім, султанісцкім, таму што ён завязаны толькі на Лукашэнку. У таталітарызме павінная быць ідэалёгія, сыстэма арганізацыяў, якія фармуюць новага чалавека. У нас гэтага няма. Аўтарытарная сыстэма можа быць вайсковай, партыйнай ці пэрсаналісцкай. Пэрсаналісцкая, як у беларускім варыянце, трымае ўладу так, як трымае зараз Лукашэнка, да канца, пакуль ня здарыцца нейкі моцны шок. Таму, на жаль, кароткатэрміновая пэрспэктыва для Беларусі ня вельмі аптымістычная. У рэжыму два апірышчы — гэта сілавікі, сілавы складнік, і той самы «чорны рыцар» — Расея. Каб рэжым зьмяніўся, трэба, каб расшаталіся гэтыя два апірышчы.

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»

Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.

Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.