Праз амаль 50 дзён пасьля абмежаваньня доступу да інтэрнэту ў Іране чальцы парлямэнту выказаліся наконт тэрмінаў магчымага скасаваньня абмежаваньняў, паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Інтэрнэт — адзін з «мастоў, празь якія вораг можа пранікнуць і стварыць згуртаванасьць паміж варожымі сіламі [...] Вораг часам мог ствараць праблемы для краіны з дапамогай інструмэнтаў і зброі інтэрнэту», — сказаў чалец парлямэнцкай камісіі ў сацыяльных пытаньнях Фазлола Ранджбар у інтэрвію паўафіцыйнаму інфармацыйнаму агенцтву ILNA.
Паводле яго, у такіх умовах «не рэкамэндуецца, каб інтэрнэт быў даступны». Дэпутаты парлямэнту ўсё яшчэ маюць доступ да інтэрнэту.
Дэпутат таксама згадаў пра кампэнсацыю ў мільярды даляраў для прадпрыемстваў, якія пацярпелі ў выніку адключэньня інтэрнэту. «Гэта рашэньне, якое павінна быць ухвалена пасьля вайны... [хаця] цяпер немагчыма абвясьціць, што кампэнсацыя будзе выплачана неадкладна», — дадаў ён.
Яшчэ адзін дэпутат і чалец парлямэнцкай камісіі ў нацыянальнай бясьпецы Ахмад Бахшыш Ардэстані таксама скептычна выказаўся наконт магчымасьці скасаваньня абмежаваньняў. Паводле яго, Захад актыўна працуе над тым, каб вярнуць інтэрнэт у Іран.
Ардэстані заявіў, што абмежаваньні скасуюць «хутка пасьля падпісаньня пагадненьня». Імаверна ён меў на ўвазе магчымую будучую мірную дамову па выніках цяперашніх перамоў.
Пасьля пачатку ізраільска-амэрыканскай апэрацыі супраць Ірану 28 лютага іранскія ўлады адключылі доступ да інтэрнэту для звычайных грамадзян. Першае адключэньне інтэрнэту адбылося сёлета ў студзені, калі краіну ахапілі агульнанацыянальныя пратэсты. Абмежаваньне інтэрнэту працягвалася прыблізна 20 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША і Іран не дасягнулі пагадненьня на перамовах у ПакістанеВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.