«Ня толькі ў дзяржсэктары, але і ў прыватных арганізацыях». У Менску — 2354 ідэолягі

Ідэолягі Брагінскага раёна праводзяць у школах лекцыі для барацьбы з «экстрэмізмам». Ілюстрацыйнае фота.

На 1 красавіка 2026 года ідэалягічная «вэртыкаль» Менска прадстаўлена 2354 работнікамі.

Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і па справах моладзі Менгарвыканкаму Аляксандр Лук’янаў (тут і далей цытаваньне па відэафрагмэнце ў тэлеграм-канале Менгарвыканкаму — Позірк).

Паводле яго слоў, у Акадэміі кіраваньня плянуецца перападрыхтоўка «звыш 220 спэцыялістаў ідэалягічнай сфэры».

16 красавіка на пасяджэньні Менгарвыканкаму па фарміраваньні ідэалягічнай вэртыкалі ў сталіцы абмяркоўвалася рэалізацыя дырэктывы Аляксандра Лукашэнкі нумар 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалёгіі беларускай дзяржавы» «ня толькі ў дзяржсэктары, але і ў прыватных арганізацыях», сказаў Лукʼянаў. Ён выказаў меркаваньне, што менавіта рэалізацыя дырэктывы дазволіла ідэолягам «у літаральным сэнсе дайсьці да ўсіх формаў уласнасьці і арганізацый».

«Бачым станоўчы водгук і зацікаўленасьць субʼектаў гаспадараньня ў рабоце па гэтаму дакумэнту, перш за ўсё па рабоце з іх калектывамі... Можам канстатаваць, што работа выбудавана. Яна патрабуе ўдасканаленьня. Для нас прынцыповай задачай зьяўляецца якраз закрануць кожнага грамадзяніна нашай краіны», — падкрэсьліў чыноўнік.

Па выніках пасяджэньня сярод іншага было вырашана праводзіць пастаянны маніторынг, у канцы года ацэньваць работу кожнага намесьніка кіраўніка па ідэалягічнай рабоце.

Дырэктыву № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалёгіі беларускай дзяржавы» Лукашэнка падпісаў 9 красавіка 2025 года. «Прыярытэтнымі сфэрамі», у якіх ідэалягічная работа павінна праводзіцца «пад асаблівым кантролем дзяржавы», названы адукацыя, культура, навука, спорт, этнаканфэсійныя адносіны, а таксама сямейная, маладзёжная, інфармацыйная і гістарычная палітыка.

Your browser doesn’t support HTML5

Новы ідэоляг Менску: што вядома

Адной з асноўных задач ідэалягічнай работы ў дырэктыве ўказана «дасягненьне разуменьня і шырокай падтрымкі насельніцтвам беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця».

Да дырэктывы прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасьці былі пазбаўлены неабходнасьці наймаць у штат ідэолягаў.

  • Лукʼянаў быў прызначаны галоўным ідэолягам Менска 19 верасьня 2025 года. Да гэтага ўзначальваў цалкам ляяльны Лукашэнку Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Пасьля прызначэньня публічна прызнаўся ў карʼерызьме і паставіў інтарэсы народа на апошняе месца: «Сьпяшаюся падзяліцца з вамі радаснай навіной! У пятніцу 19 верасьня прыступіў да дзяржаўнай службы! Гэта вельмі адказная пасада ў структуры выканаўчай улады нашай сталіцы. Прыкладу ўсе намаганьні, каб апраўдаць высокі давер, кіраўніцтва. Перакананы, што разам мы выканаем усе задачы, якія перад намі ставіць наш Прэзыдэнт, кіраўніцтва горада і нашы паважаныя грамадзяне!» — напісаў Лукʼянаў у сваім тэлеграм-канале.
  • 36-гадовы чыноўнік заявіў, што «з юных гадоў імкнуўся стаць дзяржаўным служачым». «З упэўненасьцю магу сказаць, што менавіта як да дзяржаўнай службы ставіўся да працы і ў МНС, і ў выкладаньні, навуцы і да кіраўніцтва ў дзейнасьці нашага грамадзкага абʼяднаньня БРСМ. А зараз, можна сказаць, што мара спраўдзілася афіцыйна!» — прызнаўся ідэоляг.