Гэтую заяву ён зрабіў пасьля размоваў з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньяху і прэзыдэнтам Лібану Джозэфам Аунам.
На сваёй сацыяльнай плятформе Truth Social Трамп напісаў: «Гэтыя два лідэры пагадзіліся, што дзеля дасягненьня МІРУ паміж іхнымі краінамі яны афіцыйна пачнуць 10-дзённае СПЫНЕНЬНЕ АГНЮ а 17:00 паводле паўночнаамэрыканскага ўсходняга часу (EST)».
(У Менску будзе 0 гадзінаў 17 красавіка).
Пры гэтым Трамп ніяк не згадаў лібанскі рух «Хэзбала» — ваенізаваную групоўку і палітычную партыю, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. ЗША лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс толькі ейнае ўзброенае крыло.
Тэгеран неаднаразова заяўляў, што спыненьне агню паміж «Хэзбалой» і Ізраілем ёсьць абавязковай умовай для ягоных уласных мірных перамоваў са Злучанымі Штатамі, якія працягваюцца цяпер.