З 18 красавіка па 1 траўня будзе праводзіцца вакцынаваньне дзікіх жывёл ад шаленства з паветра, паведамляе Міністэрства прыроды і навакольнага асяродзьдзя.
На тэрыторыях лясных масіваў, палях і іншых угодзьдзях, дзе жывуць дзікія пажадлівыя жывёлы, самалёты раскідаюць спэцыяльныя прынады — шэра-карычневыя брыкеты вагой 25 г. Акрамя капсулы з вакцынай прынада зьмяшчае рыбную муку і ялавічны тлушч, піша Позірк.
Мінпрыроды папярэджвае, што людзям катэгарычна забараняецца браць прынады голымі рукамі, скормліваць іх хатнім гадаванцам, дапускаць кантакт дзяцей з брыкетамі.
Жылыя зоны і вадаёмы апрацоўвацца ня будуць, аднак, калі хтосьці знойдзе вакцыну і яна патрапіць на скуру ці ў арганізм, рэкамэндуецца зьвярнуцца да лекара.
- Шаленства — небясьпечнае і сьмяротнае захворваньне як для жывёлаў, так і для людзей.
- За 8 месяцаў 2025 года ў Беларусі было зарэгістравана 169 выпадкаў шаленства, у тым ліку 53 — сярод хатніх жывёл (буйная рагатая жывёла — 19, сабакі — 16, кошкі — 15, дробная рагатая жывёла — 2), 116 — сярод дзікіх жывёл (лісы — 83, янотападобныя сабакі — 10, яноты — 6, куніцы і ваўкі — па 3, барсукі і тхары — па 2, рысі, алені, ласі, дзікі, пацукі і мышы, андатры — па 1). Больш актуальнай інфармацыі пра захворваньне няма.
- Беларусь зьяўляецца «небясьпечнай па шаленстве» жывёл, паведаміла 10 верасьня 2025 года начальніца упраўленьня кантролю за супрацьэпізаатычнай і прафіляктычнай працай дэпартамэнта вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Ірына Царык. З 1989 года, паводле яе слоў, назіраўся значны рост выпадкаў гэтага захворваньня, «да 2011 года іх рэгістрацыя дасягнула 1.238 выпадкаў, у тым ліку 848 сярод дзікіх жывёл».
- Выпадкі захворваньня людзей на шаленства ў Беларусі не рэгістраваліся па стане на верасень мінулага года з 2013 года.