У Амбасадзе Італіі ў Менску патлумачылі зьмены ў працэдуры падачы заяў на шэнгенскую візу

Ілюстрацыйнае фота

Амбасада Італіі ў Беларусі пераходзіць да іншага апэратара ў паслугах па афармленьні шэнгенскіх віз.

«Пры пераходзе да новага пастаўшчыка паслуг у афармленьні віз — візавага цэнтра VFS — ніякіх зьменаў у візавай палітыцы амбасады ня будзе», — адзначаецца ў паведамленьні.

У прыватнасьці, візавы цэнтар TLScontact, што знаходзіцца ў Менску па вул. Няміга, 40, будзе прымаць заяўнікаў на атрыманьне шэнгенскіх віз да 30 чэрвеня 2026 году. Запісацца ў ліст чаканьня ў жывую чаргу можна да 30 красавіка. «Дадатковая інфармацыя, апісаньне працэдуры і тэрмінаў будуць апублікаваныя на сайце TLScontact», — паведамілі ў амбасадзе.

З 1 траўня новыя заяўнікі павінны будуць рэгістравацца ў лісьце чаканьня візавага цэнтру VF Worldwide (VFS Global). Інструкцыі для запісу стануць даступныя з 1 траўня.

Асобныя інструкцыі для чальцоў сямей грамадзян Эўразьвязу, якія жывуць у Італіі, а таксама беларускіх грамадзян, якія законна пражываюць у Італіі, апублікуюць 17 красавіка.

«Амбасада прыкладзе ўсе намаганьні для забесьпячэньня бесьперапыннасьці працы ў пераходны пэрыяд (TLS/VF). Працэдура і патрабаваньні да афармленьня віз застаюцца нязьменнымі», — падкрэсьлілі італьянскія дыпляматы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску зачыняецца візавы цэнтар Вялікай Брытаніі. Куды беларусам цяпер зьвяртацца па візы

У лістападзе 2024 году ад паслуг візавага цэнтру TLScontact адмовілася амбасада Вялікай Брытаніі, а дыпляматычнае прадстаўніцтва Францыі з лютага 2026 году наадварот перавяло прыём заяў менавіта ў TLScontact.