«Белшына» разам з расейскімі заводамі «Кордиант», «Кама», Ikon Tyres зьвярнулася ў Эўразійскую эканамічную камісію. Просьбіты хочуць расьсьледаваньня паставак лёгкіх і лёгкагрузавых апонаў, якія масава паступаюць на рынак Эўразійскай эканамічнай садружнасьці.
Вынікі абарончага расьсьледаваньня могуць прывесьці да ўводу квотаў і мыта на гэтыя тавары. Магчыма, будзе мыта 30%, піша газэта «Коммерсантъ», спасылаючыся на свае крыніцы.
Падставай стаў рэзкі рост паставак: зараз на Кітай прыпадае каля 75% усяго імпарту, а кітайскія брэнды займаюць траціну шыннага рынку Эўразійскага саюзу. Карыстаючыся значнай дзяржаўнай падтрымкай і выгаднымі валютнымі курсамі, кампаніі з Кітаю актыўна працуюць на зьніжэньне цэнаў.
Становішча пагаршаецца тым, што магутнасьці прадпрыемстваў ЭАЭС зараз недазагружаныя з прычыны закрыцьця заходніх экспартных рынкаў. Пры гэтым дзейнічаюць санкцыі. У сярэднім загрузка профільных заводаў у выніку 2025 году ацэньваецца на 51%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Генэральная пракуратура перадала ў суд крымінальную справу на дзевяць службовых асобаў «Белшыны»Экспэрты дапускаюць, што закладаньне квотаў і мыта ў 30% прывядзе да падаражэньня самых танных кітайскіх апонаў. Пры гэтым вытворцы запэўніваюць, што рэзкага скачку цэнаў ня будзе, а магутнасьці мясцовых заводаў дазваляюць закрыць патрэбы аўтаўладальнікаў у кожнай бюджэтнай катэгорыі.
Рашэньне наконт ахоўных захадаў могуць прыняць ужо гэтай восеньню.
Праз магутную плынь кітайскіх шынаў б’юць трывогу ў Расеі. Паводле Галоўнага мытнага кіраўніцтва Кітаю, у 2025 годзе Расея імпартавала кітайскіх легкавых шынаў на $510,15 млн, што ў 3,3 раза больш, чым у 2021 годзе. Асноўнай прычынай называюць сыход з Расеі часткі буйных замежных марак. Пры гэтым у самой Расеі вытворчасьць апонаў толькі летась упала на 20%.
Суразмоўцы газэты «Коммерсантъ» дадалі, што для ўвядзеньня абарончых захадаў, калі іх прымуць увосень, трэба будзе, каб заводы-просьбіты, у тым ліку «Белшына», забясьпечвалі патрэбы рынку.
Завод «Белшына» месьціцца ў Бабруйску. Улады Беларусі законамі акрэсьлілі ўмовы, якія дазваляюць прадпрыемству заставацца манапалістам на ўнутраным рынку.
У Эўропе на завод з 2021 году наклалі абмежаваньні, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі за перасьлед іншадумства і саўдзел у расейскім ваенным нападзе на Ўкраіну. Але ў сакавіку 2024 году Эўрапейскі суд у Люксэмбургу скасаваў санкцыі. Як адзначалася ў рашэньні суду, Рада ЭЗ не змагла даказаць, што «Белшына» — істотная крыніца даходаў рэжыму Лукашэнкі і што дзяржава наўпрост атрымлівае выгаду з даходаў прадпрыемства.
«Белшына», спасылаючыся на фінансавыя дакумэнты, сьцьвярджала, што перад уключэньнем у санкцыйны сьпіс была стратным прадпрыемствам, якое не прыносіла прыбытку.