«Веданьне гісторыі можа засьцерагчы ад памылак». Прэзэнтавалі кнігу пра дачыненьні беларусаў і літоўцаў у міжваенны час

Томаш Блашчак на прэзэнтацыі трымае сваю кнігу «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918–1940)».

У Вільні прэзэнтавалі беларускі пераклад кнігі Томаша Блашчака «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918–1940)». У Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры 15 красавіка аўтара і рэдактара кнігі сустракала поўная заля.

«Гісторыю трэба ня проста ведаць, а бачыць вачыма», – сказаў на прэзэнтацыі дацэнт Унівэрсытэту імя Вітаўта Вялікага (Коўна) Томаш Блашчак. У ягонай кнізе шмат гістарычных дакумэнтаў, фатаздымкаў, мапаў, афішаў, пячатак, выбарчых плякатаў.

Дасьледаваньне пачынаецца з апошняга году Першай усясьветнай вайны, калі ўзьнікла незалежная Літва і першыя крокі зрабіла Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), абвешчаная ў Менску. Літоўцы зь незалежнасьцю «стрэлілі» раней і дамагліся посьпеху, беларусы мусілі даганяць, замацавацца на этнічных беларускіх тэрыторыях БНР не ўдалося, але ўрад першай беларускай дзяржавы, апынуўшыся ў эміграцыі ў Літве, не спыніў дзейнасьці. БНР займаўся беларускай адукацыяй, выдаваў прызнаныя ў Эўропе пашпарты, браў удзел у фармаваньні Асобнага беларускага батальёну ў складзе войска Літоўскай Рэспублікі, які разглядаўся як ядро будучага беларускага вызвольнага войска.

Байцы Асобнага беларускага батальёну. Здымак у кнізе Томаша Блашчака «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918-1940)»

Адзін з рэдактараў кнігі, які прасіў не называць ягонага імя дзеля бясьпекі, падзяліўся на прэзэнтацыі думкамі пра аналёгіі, якія падказвае праца Томаша Блашчака.

«Як тады, у 1918-м, беларусы зноў хлынулі ў Літву пасьля 2020-га, і тут бачу шмат паралеляў. Празь некалькі гадоў урад БНР мусіў зьехаць зь Літвы, як нядаўна зь Вільні ў Варшаву перабраўся офіс Ціханоўскай. А нехта застаўся і добра інтэграваўся ў літоўскае грамадзтва, як аўтар эскізу бел-чырвона-белага сьцяга Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, які вывучыўся на архітэктара і пакінуў па сабе добрую памяць у Коўне. Яшчэ і тады былі скандалы з грашыма, як цяпер зь Мельнікавай, аднекуль узьнікалі авантурысты, пра якіх цяпер вядома, што яны супрацоўнічалі з спэцслужбамі. Па-рознаму было, і калі мы глядзім на гісторыю не праз ружовыя акуляры, то лепш разумеем, адкуль выйшлі і куды ідзем», – сказаў рэдактар пра кнігу.

Кніга «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918-1940)».

Пра што кніга Томаша Блашчака?

Пра грамадзкую, палітычную, культурную і адукацыйную дзейнасьць беларускай супольнасці ў Літве ў міжваенны час. Беларусамі ў перапісе 1923 году назваліся толькі 4,5 тысячы грамадзян Літвы (праўда, дзеячы БНР гэтую лічбу аспрэчвалі), але пры гэтым у Літве дзейнічала Міністэрства беларускіх справаў, выходзілі беларускія кнігі й часопісы, самым папулярным зь якіх быў «Крывіч» Вацлава Ластоўскага. У Коўне, тады сталіцы Літоўскай Рэспублікі, дзейнічалі беларускія грамадзкія арганізацыі, існаваў беларускі клюб, ладзілі імпрэзы. Але былі і сваркі, дзейнічалі агенты, чырвоны Менск прывабліваў беларусізацыяй, агітаваў за выезд у «сацыялістычны рай». Карціна грамадзкага і палітычнага жыцьця беларусаў у міжваеннай Літве была стракатай і сапраўды можа ўразіць чытача кнігі Блашчака.

Між тым побач — тады ў складзе Польшчы — знаходзіўся Віленскі край, дзе жыло найбольш этнічных беларусаў, і гэта не магло не ўплываць на іхных суайчыньнікаў у Літве. Стаўленьне беларускіх эмігранцкіх палітыкаў да Вільні і Віленшчыны цягам 1918–1939 гадоў істотна зьмянілася. Чаму і як – таксама чытаем у дасьледаваньні Томаша Блашчака.

Кніга яскрава паказвае лёсы дзеячаў беларускай эміграцыі. Ужо згаданы Кляўдыюш Дуж-Душэўскі застаўся ў Коўне і зрабіў удалую прафэсійную кар’еру архітэктара. Былы міністар беларускіх справаў Літвы Язэп Варонка зьехаў у Бэрлін, а вось былы прэм’ер БНР Вацлаў Ластоўскі ў 1927 годзе паддаўся на агітацыю, вярнуўся ў Беларусь і праз 11 гадоў быў расстраляны.

«Цяпер часам таксама даходзяць зьвесткі, што той ці іншы беларус вярнуўся, паверыў абяцаньням і быў на мяжы арыштаваны. Таму мы, гісторыкі, і кажам: веданьне гісторыі можа засьцерагчы ад памылак», – зрабіў рэмарку рэдактар кнігі Томаша Блашчака.

Не залічаны ў батальён як «маскаль»

Шмат увагі ў кнізе нададзена вайсковай супрацы Літвы і Беларускай Народнай Рэспублікі. Да 1923 году ў складзе літоўскага войска дзейнічаў Асобны беларускі батальён, наконт якога ўлады Літвы мелі пэўныя надзеі: незалежная Літва доўга ня мела дыпляматычных дачыненьняў з Польшчай, вайсковы патэнцыял беларусаў мог прыдасца ў выпадку ўзброенага канфлікту. Але, як вынікае з дакумэнтаў літоўскага Генэральнага штабу, да некаторых добраахвотнікаў узьнікалі прэтэнзіі, у тым ліку як да “маскалёў”. Чым закончылася гэтая гісторыя, таксама расказана ў кнізе «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918–1940)». Як і драматычная гісторыя беларускіх партызанскіх атрадаў, што дзейнічалі ў пачатку 1920-х гадоў на тэрыторыі Падляшша пры фінансавай дапамозе Літвы.

Томаш Блашчак сам родам з тых мясьцінаў Беласточчыны. Ён абараніў доктарскую дысэртацыю ў Торуньскім унівэрсытэце ў Польшчы, цяпер выкладае ва Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў Коўне і зьбірае матэрыял для новага дасьледаваньня — пра беларусаў міжваеннага часу ў Латвіі. «Беларушчына для мяне – частка маёй ідэнтычнасьці», – сказаў Томаш Блашчак перад тым, як падпісваць чытачам свае кнігі.

Аўтограф-сэсія Томаша Блашчака, аўтара кнігі «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918-1940)», 15 красавіка 2026 году

Кніга «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918–1940)» па-беларуску была выдадзеная ў Расеі ў 2022 годзе, але наклад знаходзіўся ў Беларусі. Цяпер кнігу можна набыць на адмысловых прэзэнтацыях і кніжных кірмашах, якія рэгулярна праходзяць за межамі Беларусі. Паводле прадаўцоў, наступная прэзэнтацыя кнігі чакаецца ў Беластоку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вільня з гэтага боку мяжы. Пра літоўскі раман, які беларусы прачытаюць як свой

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У выведцы Літвы расказалі пра галоўныя фактары рэгіянальнай бясьпекі. Пагрозы з боку Расеі і Беларусі застаюцца