Расейскія войскі атакавалі Адэсу ў ноч на 16 красавіка.
Паводле кіраўніка абласной вайсковай адміністрацыі Алега Кіпера, горад пацярпеў ад некалькіх хваляў зьмяшаных ракетных і бесьпілётных удараў:
«На жаль, сем чалавек загінулі, ня менш за 12 атрымалі раненьні. Выказваю шчырыя спачуваньні родным і блізкім загінулых. У горадзе былі пашкоджаныя порт, крытычна важныя і жылыя аб’екты інфраструктуры».
Кіпер адзначыў, што прынамсі ў трох шматпавярховых будынках былі разбураныя фасады і шкленьне, пашкоджаны інтэрнат і прылеглыя будынкі. У некаторых аб’ектах інфраструктуры адбыліся пажары.
Раней кіраўнік гарадзкой вайсковай адміністрацыі Адэсы Сяргей Лысак паведаміў пра сьмерці і разбурэньні ў Хаджыбейскім і Прыморскім раёнах гораду. На месцы працавалі камунальныя службы.
Пазьней стала вядома, што колькасьць ахвяраў вырасла да 9 чалавек, а 23 параненыя.
Таксама ахвяры расейскіх удараў ёсьць у Дніпры і Кіеве.
«У Дзясьнянскім раёне ў выніку падзеньня абломкаў ракеты ў двухпавярховым жылым доме адбыўся пажар. Паводле зьвестак лекараў, у сталіцы загінулі два чалавекі — 12-гадовы хлопчык і 35-гадовая жанчына», — сказаў мэр Кіева Віталь Клічко.
Пазьней ратаўнікі заявілі, што ў Кіеве загінулі пяць чалавек, 60 параненых.
Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласьці Аляксандар Ганжа сказаў, што ў выніку атак загінулі тры чалавекі, а 34 параненыя. Некаторыя ў цяжкім стане.
У Харкаве два чалавекі атрымалі раненьні.
Расея з 2022 году вядзе паўнамаштабную вайну супраць Украіны. Штодня Ўкраіна цярпіць страты сярод як вайскоўцаў, так і цывільнага насельніцтва. Таксама расейцы рэгулярна атакуюць аб’екты, структурна важныя для эканомікі, палітыкі й іншых сфэраў.