Фільм «Жыве Беларусь!» унесьлі ў «экстрэмісцкі» сьпіс

Фрагмэнт постэру кінафільму «Жыве Беларусь!»

У сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў таксама ўключылі старонку Беларускага расьсьледнiцкага цэнтру ў Фэйсбуку і Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Інстаграме.

Сьпіс рэсурсаў, дададзены у «экстрэмісцкі» сьпіс за мінулыя содні

  1. aleksandra_dojnicz (Instagram)
  2. belarusianyounggreens (Беларускiя Маладыя Зяленыя) (Instagram)
  3. belhelcom_org (Instagram, старонка недаступная)
  4. center_for_civil_liberties (Центр грамадзянських свабод) (Instagram)
  5. cyberbeaver_help (Instagram)
  6. Jaen [Джейн] @jaen.horney (Instagram, старонка недаступная)
  7. Raman Hladkikh (TikTok)
  8. roznyjarounyja (Розныя-Роўныя) (Instagram)
  9. Studfreedom | Belarus (Telegram)
  10. thekrama.store (Instagram)
  11. young.people.plus (Маладыя Людзi +) (Instagram)
  12. БРЦ / Беларускi расследавальнiцкi цэнтр (Facebook)
  13. Жыве Беларусь! (фільм)

Фільм «Жыве Беларусь!» зьняты ў 2012 годзе польскім рэжысэрам беларускага паходжаньня Кшыштафам Лукашэвічам паводле сцэнара, напісанага супольна з Францішкам Вячоркам. У фільме зьняліся беларускія акторы.

Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам.

Фільм здымаўся ў лістападзе — сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах

Фільм часткова заснаваны на фактах біяграфіі Францішка Вячоркі. Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі. Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар — незалежная арганізацыя, якая спэцыялізуецца на журналісцкіх расьсьледаваньнях. БРЦ — сябра Міжнароднага цэнтру дасьледаваньняў карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), пэрыядычна супрацоўнічае з журналістамі зь іншых краін у межах сумесных расьсьледаваньняў.

Журналісты БРЦ — ляўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расьсьледаваньні ў 2018, 2019, 2020 і 2021 гадах.

Беларускі Хэльсынскі камітэт — праваабарончая арганізацыя, што працуе з 1995 году. Яе заснавальнікамі былі вядомыя грамадзкія, палітычныя і культурныя дзеячы краіны: Васіль Быкаў (ён жа — першы старшыня Назіральнага Сойму БХК), Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Сьвятлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, Юрый Хадыка, Карлас Шэрман і іншыя.

У верасьні 2021 году, улады пазбавілі БХК рэгістрацыі, аднак арганізацыя працягнула сваю дзейнасьць. У ліпені 2022 году БХК атрымаў кансультацыйны статус пры Эканамічнай і сацыяльнай радзе ААН, стаўшы першай беларускай недзяржаўнай арганізацыяй з такім статусам.

31 сакавіка 2026 году КДБ ўнёс БХК ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў».