Як піша выданьне, амэрыканскія вайскоўцы зьвязваліся з экіпажамі танкераў па радыё і загадвалі ім разварочвацца і сыходзіць. Сьцвярджаецца, што судны, сярод якіх згадваецца танкер Rich Starry, які належыць кітайскай кампаніі, падпарадкаваліся, і сіла не ўжывалася.
Як піша WSJ, блякада рэалізуецца сіламі больш за 15 амэрыканскіх ваенных караблёў, якія знаходзяцца галоўным чынам у Арабійскім моры, за межамі тэрытарыяльных вод Ірана.
Пры гэтым СМІ зазначаюць, што за апошнія суткі праз Армускую пратоку прайшлі больш за 20 камэрцыйных судоў. Яны, аднак, не накіроўваліся ў Іран ці з Ірана і, такім чынам, амэрыканская блякада на іх не распаўсюджвалася. Няясна, аднак, ці ўзгаднялі яны свой праход з Іранам, які раней таксама дэ-факта блякаваў Армускую пратоку.
Цэнтральнае камандаваньне Узброеных сіл ЗША, не прыводзячы канкрэтных лічбаў, заявіла ў сераду, што амэрыканскія вайскоўцы «цалкам спынілі» гандаль Ірана з выкарыстаньнем марскіх партоў.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напярэдадні заявіў, што ўзброены канфлікт набліжаецца да завяршэньня. Паводле яго слоў, ужо на гэтым тыдні могуць аднавіцца мірныя перамовы, перапыненыя пасьля няўдачы папярэдняга раунда ў Іслямабадзе. Працягвае дзейнічаць рэжым спыненьня агню, тэрмін якога заканчваецца 21 красавіка. Аб падрыхтоўцы новай сустрэчы заяўляюць крыніцы ў Пакістане, краінах Блізкага Усходу і самім Іране.