«У 2025 годзе на базе прадпрыемства (у Менску. — РС) запусьцілі інжынірынгавы цэнтар вытворчасьці прадукцыі для вырабу аптычных прыладаў, радыёсувязі, космасу і малой авіяцыі. Належыць АТ «ПО «Уральский оптико-механический завод имени Э.С. Яламова», што ўваходзіць у склад холдынгу АТ «Швабе» расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Ростех», — паведамілі ўва ўкраінскай выведцы.
Ва Ўкраіне мяркуюць, што менавіта «мэдычнае» прыкрыцьцё дазволіла значнай частцы прадпрыемстваў расейскага холдынгу, у тым ліку яго прадстаўніцтву ў Беларусі, унікнуць міжнародных санкцыяў.
«У Расеі няма дакладнага падзелу на цывільную і вайсковую вытворчасьць, а якія-хаця тэхналягічныя прадпрыемствы могуць быць інтэграваныя ў ваенную машыну агрэсіі. Абмежаваньне іх дзейнасьці — неабходная ўмова зьніжэньня магчымасьцяў Расеі весьці вайну», — адзначылі ў выведцы Ўкраіны.
Раней у арганізацыі BelPol паведамлялі, што ў Беларусі 287 дзяржаўных прадпрыемстваў залучаныя ў вытворчасьць прадукцыі, неабходнай расейскаму вайскова-прамысловаму комплексу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
BelPol пацьвердзіў, што зброю для Расеі вырабляюць 287 беларускіх прадпрыемстваў. І такіх кампаніяў можа быць больш- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.