Марка Рубіё назваў сустрэчу «гістарычнай магчымасьцю», але папярэдзіў, што застарэлыя праблемы цяжка вырашыць хутка. Разам з тым ён заклікаў рухацца наперад і стварыць аснову для станоўчых і трывалых дамоўленасьцяў.
Паводле словаў дзяржсакратара, абмеркаваньні скіраваныя ня толькі на вырашэньне надзённых пытаньняў, але і на ўрэгуляваньне доўгатэрміновай нестабільнасьці, у тым ліку рэгіянальнага ўплыву «Хэзбалы» — баявой групоўкі і палітычнай партыі, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. ЗША лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс толькі ейнае ўзброенае крыло.
«Гэта працэс, а не падзея, — адзначыў Рубіё. — На гэта спатрэбіцца час, але мы лічым, што гэтыя намаганьні таго вартыя».
9 красавіка прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньяху заявіў, што Ізраіль хоча правесьці прамыя перамовы зь Лібанам «як мага хутчэй». Гэтая заява прагучала празь дзень пасьля таго, як магутныя ізраільскія ўдары па Лібане прывялі да гібелі больш як 200 чалавек і паставілі пад пагрозу ўгоду аб спыненьні агню паміж ЗША і Іранам.
«Перамовы будуць засяроджаныя на раззбраенні „Хэзбалы“ і ўсталяваньні мірных адносінаў паміж Ізраілем і Лібанам», — сказаў ізраільскі прэм’ер. Пры гэтым яшчэ ў сакавіку Нэтаньяху адказаў на прапанову аб прамых перамовах адмовай.
Перад гэтым прэзыдэнт Лібану Джозэф Аун заявіў, што адзіным вырашэньнем сытуацыі ў Лібане ёсьць дасягненьне спыненьня агню, а затым прамыя перамовы.