Такое рашэньне прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску 10 красавіка. У сьпіс уключылі сайт «Медиазоны», а таксама старонкі выданьня ў TikTok , Facebook , X , YouTube , Telegram і Instagram.
Расейскую «Медиазону» заснавалі ў 2014 годзе ўдзельніцы гурту Pussy Riot Надзея Талаконьнікава і Марыя Алёхіна.
З 2020 году выданьне мае беларускую рэдакцыю. Пры гэтым беларуская «Медиазона» ўпершыню трапіла ў «экстрэмісцкі» сьпіс яшчэ ў траўні 2022 году і на сёньня мае ў гэтым сьпісе ажно 13 згадак.
Таксама ў чорны сьпіс трапілі наступныя рэсурсы:
- Ferri Slow (Facebook)
- topnews.today1 (TikTok)
- Баста! (Threads)
- БЕЛАРУСЬ БЕЗ ТАРАКАНА…! (Одноклассники)
- Заткнитесь пожалуйста (YouTube)
- Мимоходом (YouTube)+
У менскім аэрапорце па вяртаньні з Грузіі затрымалі фатографа Аляксандра Шышко
У красавіку ў менскім аэрапорце затрымалі фатографа Аляксандра Шышко. Такая інфармацыя зьявілася на сайце праекту Dissidentby, «Позірку» яе пацьвердзіў праваабаронца Раман Кісьляк.
«Аляксандар жыў у Тбілісі мінімум з 2022 году. Чаму ён вярнуўся ў Беларусь, сказаць складана, магчыма, сумаваў па радзіме, родных. Думаю, пралічыўся наконт рызыкі затрыманьня, думаў, што праскочыць», — сказаў Кісьляк.
Праваабаронца адзначыў, што пасьля Дня Волі 2024 году прапагандысты пачалі згадваць Шышко ў сваіх матэрыялах. «Наколькі я ведаю, крымінальная справа ўзбуджаная па факце правядзеньня Дзён Волі за мяжой, і ў межах гэтай справы ў Беларусі ў ягонай кватэры праводзіўся вобшук», — дадаў Кісьляк.
Паводле Dissidentby, кватэра фатографа арыштаваная, таксама Шышко згадваўся ў сюжэце прапагандыста тэлеканала АНТ Ігара Тура.