Улады Беларусі прызналі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «экстрэмісцкай» арганізацыяй

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, Вільня (Літва). Архіўнае фота

Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў зварот Генэральнай пракуратуры і прызнаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт разам з усімі яго структурнымі падразьдзеламі «экстрэмісцкай» арганізацыяй.

Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры, унівэрсытэт зьяўляецца іншаземнай арганізацыяй, якую фінансуе іншаземная дзяржава.

Паводле ўладаў Беларусі, унівэрсытэт надае «мэтадычную, фінансавую і іншую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак, а таксама іншаземных дэструктыўных няўрадавых арганізацый».

У Генэральнай пракуратуры мяркуюць, што ўнівэрсытэт выкарыстоўваюць «спэцслужбы іншаземных краін, каб нанесьці шкоду Беларусі ў гуманітарнай, інфармацыйнай і палітычнай сфэрах».

Генэральная пракуратура яшчэ ў верасьні 2025 году накіравала ў Вярхоўны суд заяву аб прызнаньні Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту «экстрэмісцкай арганізацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Выйшла яна адтуль у сьлязах». Як улады рыхтавалі «экстрэмісцкі» статус ЭГУ і што зараз будзе са студэнтамі і выкладчыкамі

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс назваў «абуральным» рашэньне Вярхоўнага суду Беларусі абвясьціць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «экстрэмісцкай арганізацыяй».

«Гэта ставіць студэнтаў, выкладчыкаў і іх сем'і пад сурʼёзную пагрозу і перашкаджае доступу да незалежнай, бесстароньняй адукацыі. Гэта яшчэ адзін варожы крок рэжыму Лукашэнкі супраць Літвы і ЭЗ. Мы гатовы падтрымаць супольнасьць ЭГУ», – напісаў Будрыс у сацсетцы X.

Прызнаньне Вярхоўным судом Беларусі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта «экстрэмісцкай арганізацыяй» ставіць пад пагрозу бясьпеку студэнтаў і выкладчыкаў, гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай.

У паведамленьні адзначаецца, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «застаецца найважнейшай адукацыйнай пляцоўкай для беларусак і беларусаў як унутры краіны, гэтак і за яе межамі», а абвінавачаньні, вылучаныя Генэральнай пракуратурай, «ня маюць пад сабой ніякіх законных падставаў і зьяўляюцца толькі прапагандысцкімі словамі, якія накіраваныя на апраўданьне рэпрэсіяў».

Сам унівэрсытэт у сацсетках паведаміў, што працягне сваю дзейнасьць.

«ЭГУ — гэта міжнародная акадэмічная супольнасьць студэнтаў, выкладчыкаў і дасьледчыкаў, аб’яднаных каштоўнасьцямі адкрытага дыялёгу, ведаў і свабоды слова. Унівэрсытэт працягвае сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з гэтымі прынцыпамі і застаецца прасторай для адукацыі і разьвіцьця», — гаворыцца ў паведамленьні.

ЭГУ заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, але з 2004 году працуе ў Вільні, бо ў Беларусі ад установы адабралі ліцэнзію. Каля 80% цяперашніх студэнтаў ЭГУ — беларусы. Беларусаў шмат і сярод выкладчыкаў. Агулам ва ўнівэрсытэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў.

20 жніўня 2025 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў сайт і сацыяльныя сеткі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту «экстрэмісцкімі».

Адміністрацыя ЭГУ пракамэнтавала тады:

«Зьвяртаем вашу ўвагу, што экстрэмісцкімі прызнаныя канкрэтныя інфармацыйныя каналы ЭГУ. Навучаньне ва ўнівэрсытэце, навукова-акадэмічная і ўсякая іншая дзейнасьць, зьвязаная з ЭГУ, ня можа быць прадметам правапарушэньня»,— заявілі ў ВНУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сайт і сацыяльныя сеткі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ўнесьлі ў «экстрэмісцкі» сьпіс

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».