У Вільні пачалася выстава публікацый і навуковая канфэрэнцыя да 100-годзьдзя айца Аляксандра Надсана

На выставе публікацый Аляксандра Надсана

Выстава праходзіць у бібліятэцы Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

14-15 красавіка ў бібліятэцы Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту ў Вільні праходзіць выстава публікацыяў а. Аляксандра Надсана. Тут можна пагартаць ягоныя кнігі, артыкулы, бюлетэні, у тым ліку тыя, якія ён самастойна набіраў, шыхтаваў, афармляў і друкаваў у Лёндане, адзначае Скарынаўская бібліятэка.

Таксама на выставе паказаныя найбольш значныя інтэрвію з айцом Надсанам.

На выставе

Частка экспанатаў паходзіць з калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі, іншыя — з калекцый ЭГУ і Беларускага музэю ў Вільні, а таксама з прыватных збораў куратаў выставы — Караліны Мацкевіч (Скарынаўская бібліятэка), Ігара Іванова і Ўладзіслава Гарбацкага (выдавецтва «Скарына»).

У 2026 годзе адзначаецца 100-годзьдзе з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана (1926–2015) — сьвятара, перакладніка, дасьледніка, культурнага і духоўнага лідэра беларускай эміграцыі.

Айцец Надсан зрабіў значны ўнёсак у беларускую навуку. Ён уключае дасьледаваньні беларускіх старадрукаў і кітабаў, фундамэнтальныя манаграфіі ў гісторыі рэлігіі, а таксама пераклады з грэцкай мовы корпусу літургічных тэкстаў бізантыйскага абраду.

Аляксандар Надсан быў адным з заснавальнікаў і шматгадовым дырэктарам Бібліятэкі Скарыны — важнага цэнтру беларускай культуры і навукі на Захадзе. Як Апостальскі візытатар для беларусаў замежжа, ён падтрымліваў шчыльныя сувязі зь беларускімі дыяспарнымі супольнасьцямі па ўсім сьвеце і першым арганізаваў дастаўку мэдыцынскай дапамогі з-за мяжы пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі.

Разам з выставай, што праходзіць у бібліятэцы, 14–15 красавіка праходзіць акадэмічная канфэрэнцыя «Разуменьне свабоды», на якую ў Вільню зьехаліся навукоўцы з розных краінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Вільні ў красавіку зладзяць акадэмічную канфэрэнцыю ў гонар 100-годзьдзя айца Аляксандра Надсана