Расея вывезла сваіх супрацоўнікаў з адзінай у Іране атамнай электрастанцыі ў Бушэры, пабудаванай і эксплюатаванай пры дапамозе Масквы. Пра гэта заявіў кіраўнік расейскага агенцтва ў атамнай энэргетыцы Аляксей Ліхачоў.
Ён адзначыў, што 108 чалавек былі эвакуаваныя.
Цяпер на станцыі засталіся толькі 20 супрацоўнікаў — гэта прадстаўнікі кіраўніцтва і тыя, хто адказвае за бясьпеку абсталяваньня.
«Мы пачалі апошнюю ратацыю на Бушэрскай АЭС а 8:00 раніцы. Усяго 108 чалавек накіроўваюцца ў Ісфахан. Усё ідзе паводле пляну. На станцыі знаходзяцца дваццаць чалавек, у тым ліку кіраўнік нашага філіялу, яго намесьнікі, супрацоўнікі службы бясьпекі, інжынэры і тэхнікі, якія адказваюць за цэласнасьць абсталяваньня і, больш за тое, за тое, каб наш кампус там таксама заставаўся цэлым», — сказаў Ліхачоў.
Вывядзеньне расейскіх адмыслоўцаў-атамнікаў з АЭС у Іране адбываецца на тле чарговага падвышэньня напружанасьці ў адносінах Ірану з ЗША.
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп пагражае Тэгерану новымі атакамі, уключна з бамбардаваньнямі. У якасьці нагоды для нападу ён выкарыстоўвае ядзерныя аб'екты краіны, дзе, паводле афіцыйнага Вашынгтону, вырабляецца ядзерная зброя.