Як адзначылі ў ведамстве, у першым квартале 2026 году прадалі 431 такі будынак.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, 262 будынкі набылі паводле наўпроставых апэрацый куплі-продажу і 169 — праз аўкцыёны.
«З усіх прададзеных аб’ектаў 248 будынка знайшлі пакупнікоў усяго за адну базавую велічыню», — паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасьці.
Найбольш (118) будынкаў прадалі ў Менскай вобласьці, 107 — у Горадзенскай, 64 — у Магілёўскай, 61 — у Берасьцейскай, 60 — у Віцебскай і 21 — у Гомельскай вобласьці.
У ведамстве адзначылі, што будынкі, якія пустуюць, «усё часьцей становяцца аб’ектам ня толькі для сталага пражываньня, але і як загарадны варыянт, магчымасьць пераезду за горад або старт для акуратнага рамонту «пад сябе».
У той жа час у паведамленьні не ўдакладняюць, хто набывае вясковыя будынкі ў Беларусі і якую частку гэтых апэрацый ажыцьцяўляюць у інтарэсах грамадзян Расеі.
Раней стала вядома, што сёлета ў сакавіку 10% актаў куплі нерухомасьці ў Менску зрабілі расейцы.