Беларусы змогуць запісвацца да лекараў праз адзіны дадатак Міністэрства аховы здароўя, піша БелТА. Запуск лічбавай плятформы адбудзецца дзеля ўзаемадзеі лекараў і пацыентаў. Плятформа аб’яднае ключавыя мэдыцынскія службы.
Пра распрацоўку адзінай мабільнай праграмы расказаў загадчык сэктара праграмна-інфармацыйнага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя Беларусі Віктар Сідарэнка.
Паводле яго слоў, праз плятформу грамадзяне змогуць запісвацца на прыём, праглядаць накіраваньні на шпіталізацыю, заказваць выпіскі з дакумэнтаў.
Таксама ў праграме будзе адлюстроўвацца электронны бальнічны ліст. Мэханізм яго афармленьня зьменіцца: зьвесткі аб хваробе і акрыяньні будуць ісьці наўпрост у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а пацыент зможа бачыць гэтую інфармацыю ў праграме.
Плянуецца, што праграма стане даступнай для запампаваньня ў 2027 годзе.
Фінальная назва пакуль не зацьверджаная, а працоўная «Маё здароўе».