Да 40-годзьдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС праходзіць сэрыя онлайн-прэзэнтацый з дыскусіямі ад замежных адмыслоўцаў на ангельскай мове.
14 красавіка з 16:00 да 17:30 (GMT+3) пройдзе онлайн-сустрэча з доктарам Горданам Эдвардсам, прэзыдэнтам і сузаснавальнікам Канадзкай кааліцыі за ядзерную адказнасьць. Мерапрыемства закране шырокі спэктар тэмаў — ад сучаснага стану ядзернай энэргетыкі да тэхналягічных зьменаў у найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Адкрытая рэгістрацыя на падзею.
16 красавіка а 16:00 у Вільні адбудзецца круглы стол «Выпрабаваньне чалавецтва. Чарнобыль і 40 гадоў пасьля», якi рыхтуюць ЭГУ i альянс «Зялёная Беларусь».
Удзельнікі правядуць дыскусію пра тое, што Чарнобыльская аварыя — гэта ня толькі тэхнагенная катастрофа, але і выпрабаваньне чалавечай цывілізацыі на здольнасьць асэнсоўваць, памятаць і рабіць высновы.
Кампанія будзе трываць да 8 траўня. У ёй будуць іншыя прэзэнтацыі, тэсты, канцэрты і нават кінапаказы. Ёсьць поўная праграма мерапрыемстваў.
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.