У межах вучэньняў «Мэдычная квадрыга — 2026», што праходзілі ў Нямеччыне і Літве ў сакавіку 2026 году, Бундэсвэр (узброеныя сілы Нямеччыны) змадэляваў поўны цыкль мэдычнай дапамогі — ад поля бою да шпіталяў у Бэрліне ды іншых гарадах, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Вучэньні з удзелам 1000 вайскоўцаў і 200 цывільных адбываліся адразу ў некалькіх краінах. У Літве, непадалёк ад беларускай мяжы, мадэлявалі баявыя дзеяньні — менавіта там, на ўсходнім флянгу NATO, разгорнутыя нямецкія войскі. Менавіта адтуль паводле сцэнару эвакуявалі параненых у Нямеччыну.
Лягістыка падчас вучэньняў Medic Quadriga 2026
У выпадку нападу Расеі на NATO, Нямеччына будзе адказная за эвакуацыю параненых натаўскіх вайскоўцаў.
Як пісала газэта The Wall Street Journal, сакрэтны плян OPLAN DEU аб’ёмам каля 1200 старонак прадугледжвае ператварэньне Нямеччыны ў ключавы лягістычны хаб NATO. Церазь яе тэрыторыю можа быць перакінута да 800 тысяч салдатаў NATO на усходні флянг Альянсу. У шпіталі можа паступаць да тысячы параненых штодня.
«Спадзяюся, што такіх маштабаў ня будзе, але мы павінны быць гатовыя да вялікай колькасьці параненых», — прыводзіць Бундэсвэр словы генэрал-лейтэнанта мэдычнага корпусу нямецкіх войскаў Ральфа Гофмана.
Каб падрыхтавацца, у прыгарадзе Бэрліну, на тэрыторыі аэрапорту ў Шэнэфэльдзе, стварылі навучальны мэдычны хаб. Менавіта сюды ў межах вучэньняў дастаўлялі «параненых» — самалётамі, аўтобусамі, караблямі і цягнікамі.
Варыянт з чыгункай — у прыярытэце, бо паводле ўкраінскага досьведу да 90% перавозак параненых ажыцьцяўляецца менавіта цягнікамі.
Паводле Гофмана, Бэрлін плянуе мець спэцыяльныя мэдычныя цягнікі ўжо да 2028 году.
Нямеччына старанна вывучае досьвед ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, каб улічваць усе самыя актуальныя выклікі.
«Вельмі важна, каб мы амаль штомесяц правяралі, як разьвіваецца там сыстэма аховы здароўя, і я магу толькі сказаць, што здымаю капялюш перад тым, як там аказваюць дапамогу пацыентам», — кажа Гофман.
У Бэрліне параненых будуць разьмяркоўваць у шпіталі па ўсёй краіне. Ужо цяпер плянуецца, якія аддзяленьні ў цывільных мэдычных установах можна перапрафіляваць пад вайсковыя патрэбы.
«Вы спытаеце, цывільных шпіталяў? Так — цывільных. Бо мэдычнае забесьпячэньне ў крызісе — гэта супольная задача вайскоўцаў і цывільных», — заявіў міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс падчас наведваньня вучэньняў 6 сакавіка 2026 году.
Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс у навучальным цэнтры ў Бэрліне падчас вучэньняў
«Гэта найбуйнейшыя вучэньні мэдычнай службы Бундэсвэру за дзесяцігодзьдзі. І яны грунтуюцца на простым прынцыпе: можна рабіць толькі тое, што адпрацавана. І толькі тое, што трэніруецца ў мірны час, можна выканаць ва ўмовах крызісу ці абароны», — дадаў Пісторыюс.
Разам зь ім прысутнічала сэнатарка Бэрліну ў пытаньнях аховы здароўя Іна Чыбора. Апошнія два гады гарадзкая ўлада Бэрліну і 12 шпіталяў гораду рыхтуюцца да розных сцэнараў вайны. Адзін з найгоршых, пішуць СМІ са спасылкай на нямецкае агенцтва DPA — масавы наплыў пацыентаў ва ўмовах перабояў з электразабесьпячэньнем і кібэратакаў, вайсковых дзеяньняў у Бэрліне і нават поўнай эвакуацыі сталіцы.
«Мы даўно працуем са шпіталямі, адпрацоўваем сцэнары масавых раненьняў. І кожны раз бачым: галоўная праблема — гэта няяснасьць роляў. Хто што робіць? Хто прымае рашэньні? Гэта трэба вызначаць загадзя, а не падчас крызісу», — распавяла журналістам Чыбора.
У сцэнары вучэньняў бэрлінскі хаб арганізуе нацыянальнае кіраваньне пацыентамі і іхнае транспартаваньне ў шчыльнай супрацы паміж мэдычнай службай і цывільнымі ратавальнымі арганізацыямі. Нямеччына, сакавік 2026 году
Нягледзячы на падрыхтоўку і рэгулярныя вучэньні, самі нямецкія спэцыялісты прызнаюць: сыстэма аховы здароўя краіны пакуль што не гатовая да вайны.
Пра гэта гаворыцца, у прыватнасьці, у дасьледаваньні German Hospital Institute, апублікаваным у 2025 годзе, паведаміла DW. У ім прааналізавалі гатоўнасьць 165 шпіталяў па ўсёй Нямеччыне — і прыйшлі да высновы, што мэдычная сыстэма краіны мае істотныя прагалы ў выпадку маштабнага канфлікту.
Сярод ключавых праблемаў — нястача пэрсаналу, адсутнасьць дастатковай падрыхтоўкі да масавага наплыву параненых, а таксама новыя тыпы траўмаў у выніку пападаньня дронаў, зь якімі лекары амаль не сутыкаюцца ў мірны час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка пра мэту вайсковых вучэньняў у Беларусі: «Мы рыхтуемся да вайны»Асобна адзначаецца ўразьлівасьць шпіталяў да кібэратакаў і сабатажу, недастатковыя запасы мэдыкамэнтаў і крыві, а таксама абмежаваныя рэзэрвы электрасілкаваньня — разьлічаныя пераважна на мірны час.
«У Нямеччыне ёсьць шэраг так званых законаў забесьпячэньня, якія гарантуюць функцыянаваньне дзяржавы ва ўмовах крызісу ці вайны. Але для сфэры аховы здароўя такога закону пакуль няма», — апавёў галоўны вайсковы мэдык Гофман.
Паводле яго, нямецкі ўрад ужо распрацоўвае новае заканадаўства.
У той жа час Гофман падкрэсьліў і іншы ўзровень падрыхтоўкі — ня толькі дзяржавы, а і грамадзтва. Паводле яго, досьвед вайны ва Ўкраіне паказаў: у першыя хвіліны пасьля раненьня жыцьцё часта залежыць не ад шпіталя, а ад тых, хто побач. Менавіта яны спыняюць крывацёк, аказваюць першую дапамогу і фактычна выйграюць час да прыбыцьця мэдыкаў.
«Мая асабістая просьба, невялікі заклік да цывільнага насельніцтва: калі ласка, прайдзіце навучаньне, пераканайцеся, што ў вас ёсьць неабходныя веды; гэта карысна ўсім», — сказаў галоўны вайсковы мэдык Нямеччыны.
Разьвіваць падрыхтоўку да магчымых ваенных сцэнараў у Нямеччыне пачалі пасьля акупацыі Крыму Расеяй у 2014 годзе — тады ўрад вырашыў аднавіць сыстэму цывільнай абароны, якая была занядбана пасьля 1990-х.
Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну вывела гэтыя намаганьні на новы ўзровень.