Гэта першы папскі візыт у гэтую краіну за ўсю гісторыю. Ён скіраваны на разьвіцьцё хрысьціянска-мусульманскага дыялёгу і ўключае мерапрыемствы, зьвязаныя са спадчынай Сьвятога Аўгустына, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Альжыру.
У межах візыту заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, уключна з прэзыдэнтам Абдэльмаджыдам Тэбунам, а таксама зь мясцовай хрысьціянскай грамадой.
Папа Леў XIV наведвае Вялікую мячэць Альжыру «Джамаа эль-Джазаір» разам з рэктарам Вялікай мячэці Махамэдам аль-Мамунам аль-Касімі аль-Хасані і кардыналам Жанам-Полем Вэско (зьлева), арцыбіскупам Альжыру, 13 красавіка 2026 году
Папа Леў XIV падчас сустрэчы з альжырскай грамадой у базыліцы Маці Божай Афрыканскай у Альжыры 13 красавіка 2026 году
Двухдзённая паездка ў Альжыр — частка 11-дзённага турнэ пантыфіка па Афрыцы. Папа таксама наведае Камэрун, Анголу і Экватарыяльную Гвінэю.
Візыт адбываецца на фоне міжнароднай напружанасьці. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней раскрытыкаваў папу праз пазыцыю Ватыкану наконт вайны з Іранам. Пантыфік асудзіў удары ЗША і Ізраілю і не пагадзіўся зь цьверджаньнем, што вайна вядзецца дзеля абароны хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Пасьля крытыкі з боку прэзыдэнта пантыфік заявіў, што ня зьменіць сваю пазыцыю наконт вайны і «не баіцца» ціску з боку амэрыканскай адміністрацыі.
Папа Леў XIV — ураджэнец ЗША Робэрт Фрэнсіс Прэвост. Летась Трамп павітаў ягонае абраньне.