Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян не хавае свайго задавальненьня ад падпісаньня мірнай угоды з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым.
Як паведамляе «Армэнпрэс», пра гэта кіраўнік армянскага ўраду сказаў на сустрэчы з буйнымі прадпрымальнікамі краіны.
«У найбліжэйшай будучыні мы чакаем важных падзей, якія зьвязаныя, перш за ўсё, з запускам праекту TRIPP, які мае вырашальнае значэнне, бо ён канчаткова выведзе Рэспубліку Армэнія з блякады.
Але, па сутнасьці, ужо сёньня Армэнія пераадолела блякаду, бо сталі магчымымі чыгуначныя грузаперавозкі ў Азэрбайджан, і мы ўжо робім гэта. Экспарт чыгункай таксама магчымы, вядома, праз тэрыторыю Грузіі. А чыгунку з Азэрбайджанам мы спачатку адкрыем у рамках праекту TRIPP. Гэта вельмі важна, і палітычнае пагадненьне ў тым, што гэтая чыгунка ніколі ня будзе зачыняцца», — дадаў Пашыньян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Азэрбайджан зьбіваў армянскія бесьпілётнікі ў Карабаху з дапамогай беларускай сыстэмы СПАПрэм’ер-міністар адзначыў, што з 2018 году валавы ўнутраны прадукт Армэніі вырас на 53%, і эканоміка краіны дасягнула пункту, калі адносіны паміж прадпрыемствамі, дзяржавай і бізнэсам, дзяржавай і работнікамі, работнікамі і працадаўцамі павінны разьвівацца па-новаму.
Пашыньян спадзяецца, што новыя праекты, у якія ўключылася Армэнія, прынясуць у краіну «новае мысьленьне, новы мэнталітэт».
«Я веру, што сёньня перад Армэніяй адчыняюцца гарызонты, якіх у яе ніколі не было. Армэнія ніколі не перажывала такога беспрэцэдэнтнага пэрыяду магчымасьцяў у сваёй гісторыі. Нам трэба ўмець увесь час, бесперапынна выкарыстоўваць гэтую сітуацыю. Відавочна, што ўрад не зможа гэтага зрабіць без тых, хто адыгрывае ключавую ролю ў эканоміцы і рэальным сектары эканомікі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Азэрбайджан і Армэнія падпісалі мірную ўгоду пры пасярэдніцтве ТрампаУ жніўні прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян дамовіліся пра адмову ад ваеннага супрацьстаяньня і аднаўленьне дыпляматычных адносін. Дакумэнт забясьпечвае стварэньне транспартнага калідору, які злучае асноўную тэрыторыю Азэрбайджану з горадам Нахічэвань праз Армэнію. Армэнія падпісала партнэрства з ЗША для разьвіцьця гэтага калідору, якім цягам 99 гадоў будзе кіраваць амэрыканская кампанія.
Цягам дзясяткаў гадоў, а асабліва з канца 1980-х гг. дачыненьні Армэніі і Азэрбайджану былі надзвычай цяжкімі. Краіны ваявалі за Нагорны Карабах (арм. Арцах) — спрэчны рэгіён. Паводле міжнароднага права, ён належаў Азэрбайджану, але жылі ў ім армяне. Некалькі войнаў прывялі да таго, што азэрбайджанскае войска адваявала спрэчную тэрыторыю, а мясцовае армянскае насельніцтва было вымушанае ўцякаць у Армэнію.
Пазьней, пры спрыяньні міжнародных арганізацый і іншых палітыкаў, краіны пачалі мірны працэс і прыйшлі да пагадненьня. Армэнія выпраўляе дачыненьні і з Турэччынай, зь якой вельмі даўно ня мела дыпляматычных адносінаў.