У Таджыкістане фэрмэраў прымушаюць вырошчваць бавоўну. Продажам займаецца атачэньне нязьменнага прэзыдэнта Рахмона

На баваўняным полі ў Таджыкістане

Улады краіны сталі пільна сачыць за вырошчваньнем бавоўны і «спусьцілі» ў рэгіёны плян па яго здаваньні ў дзяржаўныя арганізацыі.

Чыноўнікі, выконваючы даручэньне ўраду Таджыкістану, езьдзяць па гаспадарках краіны і гавораць пра тое, што каля 70% ворыўнай зямлі ў іх павінна быць засаджана бавоўнай, на іншыя расьлінныя культуры прыходзіцца менш за траціну прыдатнай для сельскай гаспадаркі тэрыторыі.

Фэрмэры з раёну Хамадоні даслалі на «Радиои Озодӣ» (таджыцкую службу Радыё Свабода) некалькі відэаролікаў са скаргамі на псаваньне пшанічных палёў. Яны кажуць, што гэта выконвалася на загад старшыні раёну.

Летась урад Таджыкістану вырашыў, што фэрмэры павінны саджаць бавоўну на 65% сваёй зямлі. Гэта азначае, што калі ў фэрмэра 10 гектараў зямлі, ён павінен саджаць бавоўну ня менш як на 6 гектарах.

Нягледзячы на такі прымус, тры раёны Кулябскай вобласьці — Хамадоні і Фархор-Васэ — ня выканалі пляну ў бавоўне за 2025 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Таджыкістан праігнараваў ордэр Міжнароднага крымінальнага суду на арышт Пуціна. Той прыляцеў у Душанбэ ўпершыню за тры гады

Пры гэтым рашэньне ўладаў не сустрэла ўхвалы і ў некаторых калідорах ураду. Міністар сельскай гаспадаркі незадаволены зьнішчэньнем пшанічных палёў у некаторых гарадах і раёнах пад бавоўну. Курбан Хакімзода заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў студзені:

«Цяпер яны паводзяць сябе бесклапотна і абыякава. Яны ходзяць па коле, а потым у красавіку робяць тое ж самае на шкоду фэрмэрам. У нас таксама ёсьць інфармацыя. У некаторых гарадах і раёнах яны нават зьнішчылі пшанічныя палі або палі для корму жывёлы і пасадзілі бавоўну. Гэта таксама факты».

Бавоўна — адзін з асноўных экспартных тавараў Таджыкістану, але апошнім часам гатоўнасьць фэрмэраў вырошчваць і зьбіраць яе зьнізілася празь нізкую цану тавару і высокі кошт працы.

У цяперашні час кантроль над сэктарам продажу бавоўны ў краіне манапалізаваны кампаніямі, блізкімі да ўраду, якія атрымліваюць асноўны прыбытак ад продажу «белага золата». Фэрмэры ўсё часьцей зьвяртаюцца да вырошчваньня пшаніцы, гародніны і корму для жывёл, на якія ёсьць шмат пакупнікоў.

Прымусовая пасадка бавоўны сёлета адбываецца на тле папярэджаньня прэзыдэнта Таджыкістану аб магчымасьці беспрэцэдэнтнага росту цэнаў на прадукты харчаваньня. Пакуль незразумела, ці засяродзяцца ўлады цяпер на пасадцы пшаніцы і іншых культураў, ці працягнуць настойваць на вырошчваньні бавоўны.

Эмамалі Рахмон — палітычны доўгажыхар. 74-гадовы палітык — адзіны кіраўнік Таджыкістану ў часы незалежнасьці. Ён займае пасаду прэзыдэнта краіны, як і Лукашэнка ў Беларусі, з 1994 году, але фактычна кіруе Таджыкістанам з 1992 году, калі быў старшынём Вярхоўнага Савету краіны.

Раней пра прымусовую працу з бавоўнай было вядома ў Туркмэністане. Гэта было зьвязана з адпраўкай на палі зьняволеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Туркмэністане танныя прадукты ня змогуць купляць родныя зьняволеных і мігрантаў