У Беларусі пачалі дадатковыя праверкі працоўных з іншаземных краін

Прафіляктычная сустрэча з іншаземнымі працоўнымі мігрантамі ў Пухавіцкім РАЎС

Летась за грубае парушэньне заканадаўства зь Беларусі выправадзілі амаль пяць тысяч іншаземцаў, якія прыехалі з краіну ў пошуку працы.

У Гомельскім абласным упраўленьні ў грамадзянстве і міграцыі паведамілі аб правядзеньні «дадатковых прафіляктычных мерапрыемстваў», накіраваных на забесьпячэньне міграцыйнага кантролю і прафіляктыку супрацьпраўных паводзінаў з боку іншаземцаў і асобаў без грамадзянства.

«У часе праверак будуць кантраляваць знаходжаньне іншаземцаў, якія жывуць часова або стала, а таксама грамадзян, якія прыбываюць на кароткатэрміновы пэрыяд», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Дадатковыя праверкі будуць праводзіць з 13 да 19 красавіка. Яны будуць адбывацца на прадпрыемствах, якія выкарыстоўваюць працу імігрантаў, а таксама ў навучальных установах, у якіх вучацца іншаземцы.

Як вынікае з раённых выданьняў, дадатковыя прафіляктычныя сустрэчы з іншаземцамі адбываюцца і ў іншых рэгіёнах краіны. У прыватнасьці, выданьне «Пухавіцкія навіны» 13 красавіка апублікавала фотасправаздачу аб сустрэчы ў раённым аддзяленьні ўнутраных спраў з наймальнікамі і іншаземцамі, якія працуюць у Пухавіцкім раёне.

«Іншаземцам патлумачылі наступствы парушэньня патрабаваньняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, адказнасьць, прадугледжаная за парушэньні правілаў дарожнага руху, у тым ліку кіраваньне транспартным сродкам асобай, якая ня мае права на кіраваньне, а таксама ў стане алькагольнага ап’яненьня. Асаблівую ўвагу прысутных зьвярнулі на недапушчальнасьць злачынстваў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў», — адзначаецца ў публікацыі раённага выданьня.

Выданьне «Добрушскі край» паведаміла, што ў Добрускім раёне з пачатку 2026 году да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 17 іншаземцаў, тром зь якіх анулявалі дазвол на пражываньне, а яшчэ двух выправадзілі за межы Беларусі.

Цяпер, паводле выданьня, пад праверкі трапяць тыя іншаземныя грамадзяне, якія цягам паўгоду ня маюць законнай крыніцы даходаў.

«Датычна да такіх асобаў супрацоўнікі падразьдзелу ў грамадзянстве і міграцыі пачынаюць працэдуру ануляваньня дазволу на сталае пражываньне ў рэспубліцы. За тры месяцы з пачатку году праз адсутнасьць даходаў анулявалі ўжо чатыры дазволы», — паведаміла раёнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заклікаў «нараджаць людзей», каб у краіне працавалі свае грамадзяне, а «не з КНДР»

У сакавіку ў дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведамілі, што ў 2025 годзе больш як 24 тысячам іншаземцаў анулявалі дазволы на часовае і сталае жыхарства на тэрыторыі краіны.

У прыватнасьці, за грубае парушэньне заканадаўства летась выправадзілі зь Беларусі 4860 чалавек (у 2024 годзе — 5512), а 3885 адмовілі ва ўезьдзе (у 2024 годзе — 3382). На падставе матэрыялаў органаў унутраных справаў і хадайніцтваў дзяржаўных органаў 7806 выхадцам зь іншых краін забаранілі ўезд у рэспубліку.

Згодна з інфармацыяй МУС Беларусі, у 2025 годзе ў больш як 9 тысяч наймальнікаў працавалі больш за 48 тысяч працоўных. Асноўную частку працоўных мігрантаў летась складалі грамадзяне Туркмэністану (23 050, або 48%), Расеі (4677, або 10%), Украіны (4389, або 9%), Узбэкістану (3618, або 7,5%) і Кітаю (3438, або 7%).