Палітвязьням пісьмова пагражаюць выдварэньнем. Паўла Белавуса перавялі ў магілёўскую турму. Хроніка перасьледу 13 красавіка

Тэлеканал «Белсат». Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

«Вясна»: Асуджаным паводле палітычных спраў пагражаюць высылкай з краіны

Людзей, якія зараз знаходзяцца на стадыі апэляцыі перад адпраўкай на «хімію», прымушаюць падпісаць абавязацельства пра тое, што ў выпадку паўторнага парушэньня Крымінальнага кодэксу яны могуць быць выдвараны за межы краіны.

Гэтыя дзеяньні носяць характар не адзінкавых выпадкаў, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна» з спасылкай на свае крыніцы.

Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса перавялі ў магілёўскую турму

Паводле інфармацыі былых палітвязьняў, у лютым Паўла перавялі бяз рэчаў і бязь біркі ў магілёўскую турму № 4, паведаміла «Вясна».

У магілёўскай турме месьцяцца як сьледчыя камэры, так і камэры для зьняволеных, асуджаных на больш строгі, чым у калёніі, турэмны рэжым. Варта адзначыць, што паводле закону перавод асуджанага з аднаго месца зьняволеньня ў іншае заўсёды адбываецца з рэчамі гэтага чалавека.

Павал Белавус, які быў затрыманы ў лістападзе 2021 году і ў траўні 2023-га асуджаны на 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У тым жа годзе яго ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

Крама Symbal.by працавала з 2014 году і стала адной з найбольш вядомых у справе папулярызацыі беларускай мовы і культуры.

У 2020 годзе крама шыла і перадавала мэдыкам засьцерагальныя маскі, а ў 2021-м вымушана была зачыніцца пад ціскам уладаў.

Павал Белавус таксама быў кіраўніком культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба», якая праз канцэрты і лекцыі далучала моладзь да беларушчыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сапраўдны беларус!». Хто такі Павал Белавус, які ня выйшаў на волю пасьля 15 содняў

КДБ дадаў у свой сьпіс яшчэ два «экстрэмісцкія фармаванні»

  1. «Heta Baza»
  2. «НСООБЕ Остенланд».

Паводле КДБ, дачыненне да «Heta Baza» маюць Паліна Шайко, Уладзімер Чумакоў і Яўген Базюк.

«Гэта База» — беларуская моладзевая асьветніцка-адукацыйная ініцыятыва, якая пачала сваю дзейнасьць у сьнежні 2022 году. Яна займаецца распрацоўкай і ажыцьцяўленьнем праектаў асьветніцка-адукацыйных кампаній па актуальных тэмах, якія сёньня маюць высокае значэньне для беларускага грамадзтва, піша «Вясна».

У сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў унесьлі яшчэ 9 рэсурсаў

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ўлады ўключылі ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў шэраг старонак у сацыяльных сетках.

У прыватнасьці, у сьпіс трапіла старонка вэтэранаў, валянтэраў і сем’яў байцоў палку Каліноўскага kalinoucy_offical у Instagram.

Апроч таго, «экстрэмісцкімі» матэрыяламі прызналі старонку ў Instagram releasenow_by, старонкі ў «Одноклассниках» «Сяржук Паўзун», «Вика Синица», старонку ў Threads belkrainec, старонкі ў X і ў Facebook Belsat in English, старонкі ў Facebook «Прп Парп», NADZEYA-ВY.cо.uк, старонку ў TikTok Vо1аVо1а.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 10 красавіка. Улады зрабілі вялікае абнаўленьне чорных сьпісаў

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».