Як адзначаецца ў новым расьсьледаваньні літоўскіх выданьняў LRT і Laisvės TV, пакупніком элітнай парфумэрыі, касмэтыкі, аксэсуараў і алькаголю маркі Gebr. Heinemann у Беларусі, якія прадаюць у аэрапорце Менску і на мяжы, ёсьць кампанія «Хелена Валеры», што супольна з «Діпмаркет» кіруе сеткай «Беламаркет Хелена Валеры».
«Діпмаркет» належыць дзяржаўнай установе «Дыпсэрвіс» у вядзеньні кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Тры яго кіраўнікі — Юры Назараў, Мікалай Шкрэд і Антон Краеўскі — з сакавіка 2025 году знаходзяцца пад санкцыямі Эўрапейскага Зьвязу, а яго колішні кіраўнік Віктар Шэйман па-ранейшаму застаецца найбліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі.
Згодна з інфармацыяй LRT, кампанія Gebr. Heinemann працуе на беларускім рынку з умовай штоквартальнага пералічэньня ў бюджэт 10% агульнай выручкі.
Раней LRT паведамляла, што кампанія Gebr. Heineman пастаўляе прадметы раскошы і ў Расею. Летась у Расею кампанія экспартавала прадукцыю на 9,5 мільёна эўра, у 2024-м — на 35 мільёнаў, а ў 2022 годзе — на 4,5 мільёна эўра.
Кампанія Travel Retail Vilnius, якой кіруе Gebr. Heinemann, перамагла ў міжнародным конкурсе літоўскага апэратара аэрапортаў LTOU на кіраваньне крамамі ў аэрапортах Вільні і Коўна і арандавала амаль 2,6 тысячы квадратных мэтраў памяшканьняў.
Сёлета ў канцы сакавіка журналісты літоўскага мэдыя LRT апублікавалі расьсьледаваньне пра грамадзяніна Беларусі і Армэніі Артура Гранца, які інвэставаў у разьвіцьцё сэгмэнту бязмытнага гандлю на тэрыторыі Беларусі і бесьперашкодна разьвівае бізнэс таксама ў Літве.