Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: Уплыў каналаў БЕЛТА, СТВ і ОНТ на сьвет напалохаў кіраўніцтва YouTube 

Ілюстрацыйнае фота

Відэахостынг YouTube, які належыць амэрыканскай кампаніі Google, выдаліў прапагандысцкія каналы БЕЛТА, СТВ і АНТ. У эфіры «СБТВ» старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Мікалай Бузін паразважаў пра матывы гэтага рашэньня.

На думку Бузіна, Беларусь выйшла на такі ўзровень вяшчаньня і ўменьня даносіць свае ідэі, што напалохала некаторых людзей, у тым ліку за акіянам.

«Рэспубліка Беларусь, не ваюючы, трансьлюе праўду, рэальную абстаноўку, кажа пра тое, што можа быць заўтра, калі мы сёньня не знойдзем пунктаў судакрананьня. І гэта найбольш напалохала тых, хто кантралюе дадзеную плятформу. Гэта ў нейкай ступені прызнаньне нашага прафэсіяналізму, а таксама таго, што нават невялікая па памерах дзяржава здольная вырашаць сур’ёзныя задачы ў інфармацыйнай прасторы». — падкрэсьліў ён.

Бузін перакананы, што ўся сусьветная журналісцкая супольнасьць асудзіла блякаду лукашэнкаўскіх каналаў. «Цяпер нас баяцца і паважаюць». — заявіў ён.

Зараз, як лічыць дэпутат, прапаганда Лукашэнкі павінна выходзіць на новыя аўдыторыі - Кітай, Індыю і Лацінскую Амэрыку.

Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла, што каналы былі выдаленыя 3 красавіка «адміністрацыяй відэагостынгу» з прычыны санкцый. Як мяркуецца, адной з прычын выдаленьня магла стаць публікацыя згаданымі каналамі пэрсанальных дадзеных беларускіх грамадзкіх актывістаў і журналістаў за мяжой. У сваіх эфірах прапагандысты пагражалі палітычным уцекачам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ. Чаму, ці назаўсёды і хто пацярпіць? Разьбіраемся з мэдыяэкспэртам