Суд у Латвіі пасьля ад’езду палітыка прыняў рашэньне аб ягоным арышце.
Некалькі дзён таму дэпутат Рыскай думы, экс-дэпутат парлямэнта Аляксей Росьлікаў апублікаваў у сацсетках відэа і паведаміў, што знаходзіцца ў Менску. Паводле яго слоў, ён прыехаў у Беларусь, «каб беларусы ўбачылі, што ў Латвіі ёсьць адэкватныя палітыкі, якія жадаюць сябраваць». Ужо знаходзячыся ў Менску, Росьлікаў правёў прэс-канфэрэнцыю: раскрытыкаваў цяперашнюю палітыку Латвіі і хваліў эканамічную сытуацыю ў Беларусі. У прэс-канфэрэнцыі прынялі ўдзел і іншыя латвійскія блогеры, якія раней перабраліся ў Беларусь і актыўна крытыкуюць у сацсетках палітыку Латвіі.
Паколькі ў Латвіі на Росьлікава раней была заведзеная крымінальная справа, суд, рэагуючы на адʼезд палітыка ў Беларусь, вынес рашэньне аб ягоным арышце і абвясьціў яго ў вышук. Пасьля рашэньня суда аб арышце дэпутат заявіў тэлеканалу «Настоящее время», што пакуль застанецца ў Беларусі:
«Вы хочаце, каб я вярнуўся, і прама на мяжы на мяне надзелі кайданкі? — заўважыў ён. — Сёньня супраць мяне накіравана вялізная палітычная машына, і, адпаведна, я такога задавальненьня ім не дастаўлю! Пакуль я буду знаходзіцца тут (у Беларусі), працаваць адсюль, працягваць трансьляваць сваю пазыцыю. Ну далей як бог».
Адʼезд латвійскага палітыка ў Беларусь — амаль гарантаваны крах яго палітычнай карʼеры на радзіме, лічыць латыскі палітоляг Юрыс Розэнвалдс:
«Росьлікаў добра выступае, ён харызматычны для пэўнай часткі аўдыторыі, ён ня мог не разумець, што ён робіць. І таму я думаю, што карʼера спадара Росьлікава ў Латвіі скончылася», — заўважае палітоляг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вялікабрытанія рыхтуецца да вайны. Ствараецца сакрэтная «кніга вайны»Карʼера Росьлікава пачалася ў партыі «Згода», якую ўзначальваў былы мэр Рыгі, цяпер дэпутат Эўрапарлямэнта Ніл Ушакоў. У 2019 годзе Росьлікава выключылі з «Згоды» — за парушэньне партыйнай дысцыпліны. Пасьля гэтага ён заснаваў уласную партыю «Стабільнасьці!» і быў ад яе абраны ў латвійскі парлямэнт, дзе прадстаўляў апазыцыю.
У 2025 годзе, напярэдадні муніцыпальных выбараў у Латвіі, права-кансэрватыўная партыя «Нацыянальнае абʼяднаньне» вынесла на разгляд парлямэнта дэклярацыю «Аб ажыцьцёўленай савецкім акупацыйным рэжымам злачыннай русіфікацыі ў Латвіі і аб прадухіленьні яе лінгвістычных наступстваў». Гэты дакумэнт, паводле задумкі аўтараў, павінен быў стаць асновай для скарачэньня ролі расейскай мовы ў публічнай прасторы Латвіі.
Ініцыятыва кансэрватараў справакавала гарачую дыскусію ў парлямэнце. Росьлікаў, сярод выбаршчыкаў якога пераважна былі расейскамоўныя жыхары Латвіі, крытыкаваў дэклярацыю, у тым ліку прадстаўляючы яе ў сацсетках як «праява нэанацызму» ў Латвіі. Падчас дэбатаў у парлямэнце, выступаючы з трыбуны, ён перайшоў на расейскую мову і прадэманстраваў калегам непрыстойны жэст.
Па сьлядах гэтага выступу латвійскія спэцслужбы распачалі супраць Росьлікава крымінальную справу аб распальваньні нацыянальнай і этнічнай нянавісьці. Па вэрсіі пракуратуры, дэпутат «сьвядома тэндэнцыйна і недакладна інфармаваў на расейскай мове аб пададзеным дэпутатамі праекце рашэньня, інтэрпрэтуючы яго як праяву нэанацызму» і ўціску расейскамоўных жыхароў у Латвіі.