У Ісламабадзе пачаліся перамовы наконт завяршэньня вайны ў Іране

Сустрэча амэрыканскай дэлегацыі ў сталіцы Пакістану

Паводле іранскай дзяржаўнай тэлевізіі, перамовы пачаліся з сустрэчы іранскай дэлегацыі з прэм’ер-міністрам Пакістану Шахбазам Шарыфам.

У паведамленьні гаворыцца, што перамоўнікі першапачаткова плянавалі абмеркаваць «парушэньне абяцаньняў» Злучанымі Штатамі — відавочна, маюцца на ўвазе атакі Ізраілю ў Лібане супраць «Хэзбалы», якую Ізраіль і ЗША прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.

Тэгеран сьцьвярджае, што гэтыя атакі парушаюць рэжым спыненьня агню. Вашынгтон кажа тое самае пра амаль поўную блякаду Армускай пратокі, якую працягвае Іран.

Сустрэча прадстаўнікоў Пакістану і Ірану ў Ісламабадзе 11 красавіка

Дэлегацыя афіцыйных асобаў ЗША на чале зь віцэ-прэзыдэнтам Джэй Дзі Вэнсам, прыбыла раніцай 11 красавіка ў Ісламабад. У яе склад таксама ўваходзіць спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта Дональда Трампа Стыў Ўіткаф і зяць Трампа Джарэд Кушнэр.

Іранская дэлегацыя на чале зь сьпікерам парлямэнту Махамадам Багерам Калібафам і міністрам замежных спраў Абасам Аракчы прыбыла днём раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ЗША заявілі, што Ізраіль і Лібан сядуць за стол перамоваў у Вашынгтоне

Гэта першыя з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 году перамовы паміж ЗША і Іранам на самым высокім узроўні і першыя афіцыйныя перамовы паміж бакамі з 2015 году, калі была дасягнутая дамова наконт ядзернай праграмы Ірану.

Пасьля сустрэчы з іранскай дэлегацыяй прэм’ер-міністар Пакістану асобна сустрэўся з дэлегацыяй ЗША. Падрабязнасьцяў ягоных перамоў з Вэнсам пакуль няма.

Прэм’ер-міністар Пакістану Шахбаз Шарыф (справа) цісьне руку віцэ-прэзыдэнту ЗША Джэй Дзі Вэнсу ў Ісламабадзе 11 красавіка

Іранская дэлегацыя абмяркоўвае магчымасьць прамых ці непрамых перамоваў з амэрыканскім бокам ужо сёньня, 11 красавіка, паведаміла з спасылкай на крыніцы ва ўрадзе іранскае інфармацыйнае агенцтва Fars, блізкае да Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тры пункты, за якімі варта сачыць пасьля пачатку перамір’я паміж ЗША і Іранам