Хронікі вайны. Перад велікодным перамір’ем Расея і Ўкраіна абмяняліся сьмяротнымі атакамі. ФОТА

Краматорск пасьля сёньняшняй атакі

З Украіны паведамілі пра 6 загінулых, з Расеі — пра аднаго.

Адэса. У выніку масаванага начнога ўдару загінулі двое чалавек. Пашкоджаныя дзясяткі будынкаў, у тым ліку дзіцячы садок, інтэрнат, аб’екты інфраструктуры.

Адэса пасьля расейскай атакі 11 красавіка

Палтаўская вобласьць. У Лубенскім раёне бесьпілётнік упаў на краму з кавярняй. Адзін чалавек загінуў.

Хэрсонская вобласьць. Ад атакі расейскага дрону тыпу «Молния» ў вёсцы Фёдараўка загінула 73-гадовая жанчына. У Карабельным раёне Хэрсону знайшлі цела мужчыны 1975 году нараджэньня, які, імаверна, атрымаў сьмяротныя траўмы праз абстрэлы. 11 красавіка аб 11-й гадзіне дрон атакаваў маршрутны аўтобус у Хэрсоне, пацярпеў кіроўца.

Днепрапятроўская вобласьць. У Нікапалі ў выніку атакі дронаў загінуў 67-гадовы кіроўца, згарэлі два грузавікі.

Харкаўская вобласьць. Ад атакі дрона ўсчаўся пажар у адміністрацыйным будынку ў пасёлку Вялікі Бурлук. Загінулых і параненых няма.

Сумы. Позьнім вечарам пятніцы расейскі бесьпілётнік атакаваў шматпавярховы жылы дом — пачаліся пажары на першым і трэцім паверхах. Пацярпелі як мінімум 17 чалавек, у тым ліку 14-гадовае дзіця.

Сумы пасьля расейскай атакі 11 красавіка

Данецкая вобласьць. Як мінімум 10 чалавек атрымалі раненьні ў выніку абстрэлаў Краматорску. Раніцай войскі РФ скінулі на горад 3 авіябомбы, адна зь іх пацэліла ў жылы дом. Пашкоджаныя 7 шматпавярховікаў, адміністрацыйны будынак і 8 аўтамабіляў.

Краматорск пасьля сёньняшняй атакі

Кіраваградзкая вобласьць. У выніку ўдару пашкоджаны прыватны дом.

У Расеі ўкраінскія дроны атакавалі нафтавыя аб’екты, 1 чалавек загінуў

Краснадарскі край. У пасёлку Саук-Дэрэ Крымскага раёну абломкамі БПЛА забіла мужчыну, які быў на бальконе шматкватэрнага дома. У самім Крымску праз падзеньне абломкаў дронаў адбылося загараньне на тэрыторыі нафтабазы, паведамілі мясцовыя ўлады. Нафтаперапампоўвальную станцыю «Крымскую» дроны з Украіны атакавалі таксама ў чацьвер.

У Новарасійску абломкі дронаў пашкодзілі два шматкватэрныя дамы і адзін прыватны. Праз абломкі дрона ўсчаўся пажар на складзе аднаго з прадпрыемстваў. Людзі не пацярпелі, паведамілі мясцовыя ўлады.

Цьвер. Уначы мясцовыя жыхары паведамілі як найменш пра тры выбухі. Паводле выданьня Astra, верагодная цэль атакі — мясцовая нафтабаза.

Паводле Reuters, Расея страціла як мінімум 40% магутнасьцяў па экспарце нафты у выніку атак украінскіх бесьпілётнікаў, захопу танкераў і прыпыненьня працы нафтаправоду «Дружба».

Раней Пуцін абвясьціў «велікоднае перамір’е» з Украінай ад 16-й гадзіны 11 красавіка да канца дня 12 красавіка. Зяленскі заявіў, што Ўкраіна будзе дзейнічаць люстэркава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея і Ўкраіна правялі абмен палоннымі ў фармаце 175 на 175. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шосты тыдзень вайны ў Іране. ФОТА