У Нямеччыне патлумачылі, ці магчыма перапахаваньне Бандэры ва Украіне

Пахаваньне Сьцяпана Бандэры ў Мюнхэне

Ва Украіне абмяркоўваюць магчымасьць перапахаваньня выбітных дзеячаў з-за мяжы ў межах ідэі стварэньня Нацыянальнага пантэона. Аднак рэалізацыя такіх ініцыятыў значна залежыць ад заканадаўства іншых краін.

У прыватнасьці, перапахаваньне аднаго з лідараў украінскага нацыянальнага руху ХХ стагодзьдзя Сьцяпана Бандэры магчымае толькі са згоды сям’і і пры наяўнасьці важкай прычыны. Пра гэта паведамілі Радыё Свабода ў гарадзкой службе могілак Мюнхэна, дзе ён пахаваны.

Там адзначылі, што ў Нямеччыне рашэньні аб перапахаваньні прымаюцца толькі ў выключных выпадках. Падаць заяву могуць толькі ўладальнік права на магілу і сваякі — пры ўзаемнай згодзе.

У краіне дзейнічае прынцып «спакою памерлага», які мае канстытуцыйную абарону і лічыцца прыярытэтным. Таму для пераносу парэшткаў неабходна важкая прычына, якую судовая практыка трактуе даволі вузка. Напрыклад, калі з-за выключных жыцьцёвых абставін родныя фактычна не могуць даглядаць магілу. Сам па сабе пераезд або значная адлегласьць, нават у 500 кілямэтраў, такой падставай ня лічыцца.

Асобна ўлічваецца і воля самога памерлага — павінны быць падставы меркаваць, што перапахаваньне адпавядала б яго жаданню.

«Што да магчымасьці перапахаваньня Сьцяпана Бандэры, дзейнічаюць тыя ж агульныя правілы. Калі ўладальнік права на магілу падасьць заяву, яе могуць задаволіць пры наяўнасьці важкай прычыны. Таксама патрэбна згода родных. Калі з такой просьбай зьвяртаецца Украіна, згода сям’і ўсё роўна абавязковая», — адзначылі ў службе могілак Мюнхэна.

Сьцяпан Бандэра нарадзіўся 1 студзеня 1909 года ў вёсцы Стары Угрынаў на Прыкарпацьці. Падчас навучаньня ў Львове ён далучыўся да Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і з часам стаў адным зь яе лідараў.

У 1941 годзе ён быў адным зь ініцыятараў абвяшчэньня Акта аднаўленьня ўкраінскай дзяржаўнасьці ў Львове. Гэта рашэньне не было ўзгоднена з нацысцкімі ўладамі, пасьля чаго Бандэру арыштавала гестапа і зьмясьціла ў канцлагер Заксэнхаўзэн, дзе ён правёў больш за тры гады.

15 кастрычніка 1959 года Бандэра быў забіты ў Мюнхэне агентам КДБ Багданам Сташынскім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 10 красавіка. Улады зрабілі вялікае абнаўленьне чорных сьпісаў