Ужо з 1 ліпеня ў Беларусі пачнуць дзейнічаць абноўленыя сьпісы прафэсіяў, якія даюць права на датэрміновую пэнсію за працу ў шкодных і цяжкіх умовах. Навацыя ў тым, што зь сьпісаў выключылі больш за 800 прафэсіяў і пасадаў.
Гэта прафэсіі, якія: або больш не выкарыстоўваюцца ў эканоміцы; або атэстацыя якіх нібыта не пацьвердзіла шкодных умоваў працы; або тыя, дзе апошнімі гадамі ўмовы працы прызнаваліся аптымальнымі ці дапушчальнымі.
Калі прафэсія засталася ў гэтых абноўленых сьпісах, стаж, які дае права на датэрміновую пэнсію за працу ў шкодных і цяжкіх умовах, працягваюць улічваць.
У Міністэрстве працы патлумачылі прычыны новага рашэньня.
«Не таму, што яны [прафэсіі. — РС] „перасталі быць шкоднымі“. А таму, што яны фактычна зьніклі з эканомікі (састарэлыя тэхналёгіі, іншыя назвы пасадаў) або доўгія гады ні на адным прадпрыемстве не пацьвярджалі рэальнай шкоднасьці ў выніку атэстацыі».
Пры гэтым права на прафэсійную пэнсію захоўваецца цалкам, бо такое права ўлічваецца на падставе дакумэнтаў, якія дзейнічаюць у пэрыяд працы.