Праваабаронца Лабковіч атрымаў прапанову аб «супрацоўніцтве». Распыталі яго аб падрабязнасьцях

Уладзь Лабковіч

Паведамленьне з прапановай даваць інфармацыю ўзамен на магчымасьць наведваць родных у Беларусі праваабаронца атрымаў у Instagram.

Вядомы праваабаронца, адзін з кіраўнікоў цэнтру «Вясна» Ўладзь Лабковіч атрымаў прапанову аб супрацы ўзамен на магчымасьць наведваць родных у Беларусі. З словаў Лабковіча, адпаведнае паведамленьне яму прыйшло ўвечары 9 сакавіка ў прыватныя паведамленьні ў Instagram.

«Заблякаваў і перадаў (інфармацыю аб паведамленьні. — РС) калегам у „Вясну“, — расказвае Свабодзе Ўладзь Лабковіч. — На мой акаўнт у Instagram гэта прыйшло. Заблякаваў гэтага адрасата і ўсё. Скрын зрабіў. Сёньня публічна агучана гэта было. У мяне не было ні жаданьня, ні настрою весьці нейкія перапіскі. Лічу, што гэта абсалютна няправільна».

Ананімнае паведамленьне з прапановай аб супрацы, атрыманае праваабаронцам Уладзімерам Лабковічам

З словаў Лабковіча, перад блякаваньнем ён паглядзеў, каму можа належаць акаўнт, зь якога прыйшло паведамленьне. На ім не было ніякай актыўнасьці, акаўнт выглядае як новаствораны.

На раніцу 10 красавіка ў акаўнту «Виктор Гразовски» па-ранейшаму не было падпісчыкаў і допісаў. Instagram пазначае яго як новаствораны.

«Я ня першы зь „Вясны“, каму прыходзіць штосьці падобнае, — працягвае Ўладзь Лабковіч. — Учора маёй калезе Анастасіі Васільчук прыйшло. Там быў нават больш аўтарскі ліст, творчы падыход, выпадак Мельнікавай згадваецца. У маім выпадку гэта рэальна спам-рассылка, бяз адраснага звароту да мяне як да Ўладзімера Лабковіча. Проста напісана, што яны ўсё ведаюць — што ў мяне блізкія родныя ў Беларусі, якія я хачу наведаць».

Як юрыст і праваабаронца Уладзь Лабковіч раіць адразу публікаваць такія паведамленьні, атрыманыя ад невядомых у прыват.

«На гэтым тая гісторыя і скончыцца адразу, — кажа праваабаронца. — Мы, грамадзкія актывісты, хто працягвае дзейнасьць за мяжой, з падобным сутыкаемся ледзь не кожны дзень. На іх трэба рэагаваць адразу, агучваць і ні ў якім разе не ўступаць ні ў якія перапіскі».

Уладзь Лабковіч, праваабаронца, адзін з кіраўнікоў цэнтру «Вясна». Арыштаваны ў ліпені 2021 году, асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі. Вызвалены і прымусова вывезены ў Літву ў выніку перамоваў паміж амэрыканскімі дыпляматамі і Аляксандрам Лукашэнкам у сьнежні 2025 году.