Офіс Сьвятланы Ціханоўскай паведаміў аб пасяджэньні арганізацыйнага камітэту, прымеркаванай да 40-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы.
Па словах арганізатараў, за 40 гадоў, якія мінулі пасьля катастрофы, улада ў Беларусі застаецца такой жа безадказнай і непадсправаздачнай грамадзтву, як і тады.
Сёлета кампанія пройдзе пад лёзунгам «За незалежную бязьядзерную Беларусь».
Аргкамітэт каардынуе правядзеньне акцыяў «Чарнобыльскі Шлях» па ўсім сьвеце пры ўдзеле дэмакратычных сілаў, экалягічных арганізацыяў і беларускай дыяспары.
У рамках акцыі 26 красавіка ў Вільні адбудзецца памятны забег «Чарнобыльскі Шлях», прысьвечаны ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Апошнія гады акцыі, прысьвечаныя гадавіне Чарнобыльскай катастрофы, праходзяць у розных краінах і арганізуюцца беларусамі за мяжой.
Тым часам уладам Варшавы падалі заяўку на традыцыйны марш да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Як паведамляе Радыё Рацыя, сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаеў заявіў, што Марш плянуецца правесьці 26 красавіка а 14-й гадзіне ад помніка Каперніка да помніка Марыі Складоўскай-Кюры ў Варшаве.
«Беларусы замежжа не забыліся пра сьмяротную небясьпеку для роднай зямлі, якая прыйшла ў 1986 годзе. 26 красавіка споўніцца 40 год з дня Чарнобыльскай катастрофы і 30 год „Менскай вясны“ і акцыі „Чарнобыльскі шлях“. Дзьве такія сумныя даты. Першая, канешне, самая вялікая, бо гэта трагедыя беларускага народа. Беларусы ў выгнаньні, у Варшаве, таксама будуць спрабаваць зладзіць марш», — сказаў Макаеў Радыё Рацыя.
Пасьля 2020 году традыцыйныя акцыі «Чарнобыльскі шлях», якія праводзіліся ў Беларусі з 1989 году, прымеркаваныя да ўгодкаў аварыі на ЧАЭС праводзіцца ня могуць з прычыны масавых рэпрэсіяў. Многія актывісты застаюцца ў турмах або ў эміграцыі.